
Карацей кажучы, чым бадзяцца па сталiчных вулках, лепей пасядзець з чэрапам беларускай жанчыны. Днямi каля манумэнту Свабоды абрабавалi самога амэрыканскага пасла, якi, мабыць, вырашыў сустрэцца з латыскiм народам.
Я, дзякаваць Богу, не пасол, шмат у мяне не нарабуеш, а таму я заходжу ў густа сьпiсаны кiрылiцаю лiфт i празь дзесяць хвiлiнаў у чаканьнi магчымых экспрапрыяцыяў наблiжаюся да статуi Свабоды. Мяне займае адзiн iстотны аспэкт нацыянальнага пытаньня. А менавiта: цi лягчэй разьвiтвацца з грашыма, калi злодзеi гавораць з табой на тваёй мове?
Рабаўнiкоў на прыцемных цэнтральных вулiцах з выключанай рэклямаю пакуль не вiдаць, як, зрэшты, амаль не вiдаць i верагодных ахвяраў. Мабыць, i адныя, i другiя яшчэ сядзяць ва ўтульных рыскiх кавярнях. Пералiчыўшы свае цэлыя рублiсы, я вырашаю таксама неадкладна заняць месца за столiкам. Мяне чакае жорсткае расчараваньне. Кавярняў процьма, але ўсе яны, за выключэньнем пары валютовых, ужо зачыненыя, хоць на гадзiньнiку яшчэ бяз чвэрцi восем. Напэўна, скончылася кава, а магчыма - наведнiкi. Грэючы душу астатняй надзеяй, кiруюся ў знакамiтыя "12 крэслаў" каля Домскага сабора. "12 крэслаў" на замку, перададзены вернiкам сабор - таксама.
Улякнуўшы ў падваротнi нейкую даму з сабачкам, я падымаюся ў знаёмым лiфце. Гэтым разам сьвятло запальваецца ў iм адно тады, калi я, зачынiўшы дзьверы, нейкiм дзiвам намацваю ў мораку патрэбную кнопку.
