
Ад пiва галава ў Ферапонта Пятровiча звесiлася ўнiз, намокшыя вусы пераблыталiся з барадою, а вочы зрабiлiся як мокры попел. Павал жа Крамiнадавiч яшчэ не паддаваўся - усё абцiраў хустачкаю пад носам ды падпiраў леваю рукою бок.
- Што вы тут, Ферапонт Пятровiч, панiку наводзiце, - накiнуўся ён на Чарнiлюка, - з вас крытык усё роўна, як з нашага кур'ера марксiст. Нашто вам гаварыць аб тым, аб чым вы нiчога не ведаеце. Гурток патрэбен i должан быць!
- Але нашто?
- Аб гэтым можна i не пытаць. Брыдка пытаць аб гэтым у нашы часы. Патрэбен, дый усё тут!..
- Даўней, аднак, нiякiх гурткоў гэтых не было, а паперы ў журнал яшчэ больш акуратна запiсвалiся, чым цяпер!..
- Што вы даўнейшае памiнаеце?! Даўней гiсторыя ў асобе, значыць, гэтае, а цяпер зусiм iншае... Вам яшчэ, як бачу, трэба павучыцца!..
- А вы б, Ферапонт Пятровiч, чым вучыць сталых людзей, адвучылi б сваю жонку ад несучасных мяшчанскiх прывычак...
Ферапонт Пятровiч раптоўна падняўся, растапырыў рукi i, трагiчна пакiваўшы галавою, уставiў свае вочы ў твар Паўла Крамiнадавiча.
- Калi ўжо справа дайшла да жонкi, - закрычаў Чарнiлюк, - то я вам павiнен сказаць, што як вы сабе нi перагэтае!..
I раптам змоўк Ферапонт Пятровiч Чарнiлюк. Змоўк, а твар яго сабраўся ў змаршчакi, яшчэ больш пачырванеў, губы папрабавалi выявiць ухмылку, ды не маглi. I сеў Ферапонт Пятровiч, уткнуўшыся носам у стол.
- Што вы там такое ўгледзелi? - запытаў шэптам Павал Крамiнадавiч.
Запытаў i падняўся, паглядзеў туды, куды глядзеў Ферапонт Пятровiч, i таксама сеў, прыцiхшы.
Там, у цемнаватым кутку, угледзелi яны нешта такое, што пачало зварачаць iм цвярозасць.
I Ферапонт Пятровiч Чарнiлюк, i Павал Крамiнадавiч Чыстапiс у кутку за столiкам убачылi ўскудлачаную галаву i вастраносы твар Барыса Iванавiча Цэнтразыхера. Абодва яны зараз жа селi i, забыўшы асобу ў гiсторыi i мяшчанскiя погляды на жыццё жонкi аднаго з iх, зрабiлiся вялiкiмi прыяцелямi адзiн аднаму.
