- От, каб яго агнi спяклi! - загаварыў цiхенька Ферапонт Пятровiч, прыгнуўшыся да Паўла Крамiнадавiча, - да таго шкода патрачанага часу i энергii, проста крыўднае дзела... Збiраўся, збiраўся, хадзiў-хадзiў на гэтыя сходы, i раптам усе дуды аб землю.

- Чаму, што? - прашаптаў зусiм ужо спалоханы Павал Крамiнадавiч.

- Гэта ж такая справа ў мяне выходзiць. Значыць, пачаў прыглядацца да людзей, уваходзiць думкамi i смякалкай у жыццё, ды адзiн раз i гавару дома вечарам жонцы: "Так i так, кажу, а цi не пачаць мне паступаць, кажу, у партыю. Дзякуй Богу, пара, час спакойны, цяпер самы раз паступаць; абы толькi як Бог памог убiцца туды". "А што ты думаеш, - адказвае мне жонка, выгаднае дзела, тады зусiм iнакшы вiд будзем мець". "Вагу тады я буду ў сабе мець", - падумаў я. А тут якраз мой добры знаёмы канторшчык на жалезнай дарозе Гiцмаржовiнскi гэтае самае задумаў, мне ва ўсiм прызнаўся i паехаў у Екацярынаслаў паступаць у партыю; дык мяне калi возьме яшчэ большая ахвота! "Ну, думаю, калi Бог дасць здароўе - неўзабаве буду ў партыi састаяць". Зараз пачаў зарэкамендоўваць сябе - сходы там усякiя, скромнасць, пашана да старшых, бiлеты сабе i жонцы на спектакль, калi ён ставiцца на карысць прафсаюзаў, ды цi мала чаго. "Абы, адно, Бог даў здароўе", - думаю сабе... А гэта якраз сягонняшнi вечар, каб ён згарэў, каб ён, усё сапсаваў - гэта ж Барыс Iванавiч Цэнтразыхер сам таксама ў партыю хоча, i здаецца мне, што скарэй за мяне паступiць, а, паступiўшы, мне ходу не дасць, бачыўшы мяне за куфлямi...

- Смякнеце вы i радуйцеся, - перабiў цiха i ў захапленнi Павал Крамiнадавiч, - раскiньце розумам направа, раскiньце налева i ўразумейце, што ён будзе маўчаць, як вады ў рот набраўшы.

- Чаму?!.

- Чаму?!. Ды папытайце вы ў яго, чаго гэта ён тут сядзiць, у цёмны кут забраўшыся?..

- Як я бачу, - загаварыў вялым голасам Ферапонт Пятровiч, - дык вы, Павал Крамiнадавiч, хоць яшчэ трыццаць тры гады з палавiнаю запiсвайце пад нумар паперы ў журнал, усё роўна будзеце тым, кiм вы ёсць. I перад тым, як пачынаць выказваць думку сваю, заўсёды падумайце. А то заўсёды ўзрадуеце гаворкаю, а пасля гэтай радасцi горш яшчэ на душы робiцца, бо вашы словы на ўзвей вецер.



5 из 8