
- Чаму?
- А таму, што вы не падумалi аб тым, што тут не толькi пiва, а чаго хочаш дастанеш. I, можа, ён зусiм не для пiва сюды прыйшоў.
- Вы думаеце? - узрадаваўся Павал Крамiнадавiч. - Калi так, дык тым пачай: калi ён, скажам, настаяшчы напiтак п'е, дык уручаю галавой, што слова нiдзе не скажа, бо сам гэткi самы.
- Эх, Чыстапiс, Чыстапiс, - патрос галавою Чарнiлюк, - служыце вы разам з iм у ваднэй установе, а не можаце дадумацца, што ён можа тут калi-небудзь чай пiць. Ну хто яму можа забаранiць прыйсцi сюды шклянку, скажам, чаю выпiць? Паколькi я яшчэ не згубiў розум, пастолькi бачыў яго толькi голаў, нiякiх жа куфляў, нi шмуфляў каля яго не бачыў.
- Не бачылi? - устрывожыўся Павал Крамiнадавiч. - Няўжо каля яго куфляў няма; значыць, гатова быць непрыемнасць па службе. От увагнаў чорт мяне сягоння сюды!
- А мяне?!
- Ну i вас?
- А ў яго такi, здаецца, вiдаць два куфлi, - радасна шапнуў Павал Крамiнадавiч, прыгледзеўшыся.
- Ну?! - крыкнуў Ферапонт Пятровiч голасам, у якiм было надзвычайна многа i радасцi i надзеi.
- Верна. Вунь нешта блiшчыць, здаецца, вуха ад куфля.
I яны ўдвух трохi прыпаднялiся i пачалi прыглядацца на столiк Цэнтразыхера.
"Прыглядаюцца, каб яны папруцянелi, - падумаў Барыс Iванавiч Цэнтразыхер, - от табе i прыйшоў, чорнага пiва папрабаваў. Цяпер, сволачы, разнясуць языкамi па ўсiм свеце, што я вечарам па пiўных цягаюся. Гэта ж мяшчане чыстакроўнай крывi. Прападзе, лiха на яго, погляд на мяне як на чалавека з сучаснымi поглядамi на жыццё. Горка жыць на свеце! Папрашу я, адно, чаю, - з'явiлася ў яго думка, - ды так папрашу, нiбы я цяпер гэта пiў не пiва, а чай такi густы".
