Мова - гэта матэрыял для мастацкага твора. I няўжо трэба, каб гэты матэрыял быў дрэнным? У тэатры слова мае вялiкае значэнне. Як тэатральная тэхнiка павiнна быць удасканаленаю, як развiццё тэатральнага паказу павiнна iсцi паводле пэўных законаў, гэтак i мова ў тэатры не павiнна быць абы-якою. Найвыдатнейшыя мастакi сцэны пра мову ў тэатры клапоцяцца не менш, як пра ўсе iншыя галiны тэатральнага мастацтва.

Перапалоханая сялянка крычыць "у чым справа?". Няхай бы ўжо, нечага, яна, каб вытрымаць стыль аўтара гэтае п'есы, крычала: "У чым справа?! У мэтах рацыяналiзацыi часу i адносна гэтага месца, безумоўна, не мэтазгодна паднiмаць тут гэтакi вэрхал!"

Вядома, што аўтар тут выказаў тое, што хацеў выказаць. Непаразуменне сялянкi паказана. Але выказана ў гэтакай мове, што тып сялянкi, якi, скажам, раней ужо ўяўляцца пачаў гледачу, разбiўся i прапаў ад аднаго слова. Сялянка пачула нейкую незвычайную гаворку, нейкi крык, убачыла незнаёмых людзей, устрывожылася i замест "што гэта робiцца?", або "што там гэта", крычыць "у чым справа?". Аўтар падаў гэта па-свойму, сказаў гэта ад сябе, а не ад таго чалавека, якога хацеў паказаць.

Або вось яшчэ з аднаго тэатральнага твора. "Я думаю аб нашых адносiнах з табою". "Пачалi адкрываць адзiн аднаму свае таямнiцы..." "Зловiш якога злодзея, пачнеш допыт яму рабiць" i г.д. i г.д. Тут усё дакладна выказана, што хацеў выказаць аўтар. Але гэтакi кiрунак, гэтакi дух мовы ўжываюць людзi, якiя ўсё жыццё сваё працавалi дзе-небудзь у канцылярыях на расейскай мове. I, нарэшце, давялося iм беларусiзавацца. I гавораць яны моваю як быццам i беларускаю (бо не расейская ж гэта мова). Але мова гэта цяжкая, сухая, нежывая.

Мова - жывая iстота. Яна жыве, а не iснуе. Адным словам можна вельмi шмат выказаць, або тым жа самым словам нiчога не сказаць. I гэта нават можа быць ад таго, як гэтае слова выгаварыць. Напрыклад, можна сказаць "ты не ведаеш".



11 из 16