
Жонка Льва Талстога ў сваiм дзённiку пiсала, што Л.Талстой нiколi не пакiдаў, да канца жыцця свайго, вучыцца расейскай народнай мове. "Считая свой язык русский далеко не хорошим, не полным, Л.Н. поставил целью своей в это лето изучить язык в народе. Он беседовал с богомольцами, странниками, проезжими и все записывал в книжечку народные слова, пословицы, мысли, выражения". (Занатована 31 студзеня 1881 г.).
Дык натое гэта быў Л.Талстой! Але што значыць народная мова аўтару якога-небудзь "Над абрывам"?! Яго сумленне чыстае. Ён не можа i падумаць, што сваiм пiсаннем разбурае наша моўнае багацце i ўводзiць замест яго нейкi свой жаргон. Яму абы пiсаць. Яму i не ў галаве, што якое б там друкаванае слова нi было, яно ўсё ж друкаванае слова. Яго чытаюць, чытаючы, вучацца i... псуюць сваю пiсьменнасць.
Я працую ў рэдакцыi "Беларускае вёскi", i мне даводзiцца чытаць вельмi шмат допiсаў з вёскi i лiтаратурных твораў маладых вясковых аўтараў. Дык я на выразных прыкладах бачу, як друкаванае слова псуе пiсьменнасць моладзi, забiвае ўсю яе прыродную чуласць да мовы. Адзiн аўтар пiсаў у рэдакцыю: "Паважаная рэдакцыя! Я прашу, каб вы надрукавалi маё гэтае апавяданне ў "Чырвоным сейбiце". Можа яно i не варт гэтага, дык я прашу, каб вы паправiлi яго. А калi i гэта не паможа, тагды напiшыце мне, чым маё апавяданне нягоднае, каб я другi раз ведаў, як лепш пiсаць. Гэтыя маркi я шлю вам на адказ"... i г.д. Вiдаць было, што пiша чалавек пiсьменны. Лiст гэты ён напiсаў жывою моваю, бо гэта аўтар гаварыў з рэдакцыяй.
