"Але большае ўражанне выклiкаў яе пранiклiвы погляд". "А мо адабрэнне?" "Пранiкала ў душу". "Карпiцкi таксама накiраваўся паглядзець, як размяшчаюцца аддзелы". "Памяшканнi для службы". "Рэзка непрыемна рыпалi цвiкi пры распакоўцы скрынак" (35 бал.). "Густа пасеенымi, колеру iльнянога насення, плямкамi на твары" (36 бал.). "Ды гэтаму ж Баханская галаву закруцiла, мусiць хоча выйсцi за яго замуж". "У белай кофтачцы" (37 бал.). "Адсюль адкрываўся прыгожы малюнак". "Даклад датычыўся самавольных парубак лесу". "На гэтых днях зайшлi яны з Батурскiм у партком пагутарыць наконт водпуску дрэва" (38 бал.) i г.д. i канца-краю няма гэтым "лунным лапам", на кожнай балоне, да самага канца. Усiх iх я выпiсваць не буду, бо дзеля гэтага трэба перапiсаць усю рэч, з пачатку да канца. Кожны сказ тут паказвае, што аўтар яго моўна думае па-расейску. Сапраўды, што гэта "вясна наступiла"? Наступiць можна (думаючы ў беларускай мове) каму-небудзь на нагу, можна наступiць на жабу i растаптаць яе. Але аўтар думаў: "Весна в этом году наступила как-то рано". I пiсаў гэта беларускай транскрыпцыяй, зменьваючы, як умеў, некаторыя словы. Але характар, кiрунак сказа застаўся цалкам расейскi. "Ты занадта вялiкае значэнне прыдаеш барацьбе"... Гэта значыцца, па-расейску дзiка-непiсьменна напiсана: "...большое значение придаешь борьбе"... Трэба ведаць, што мала замест "слишком" напiсаць "занадта" i замест "большое" напiсаць "вялiкае". Трэба ведаць, што ёсць фразеалогiя, уласцiвы кожнай мове свой уласны кiрунак сказаў. "Мы пераможам, калi асабiстае, прыватнае прынясём у ахвяру"... Аўтар уяўляў сабе гэтак: "Мы победим, когда личное, частное принесем в жертву"...

Дзе аўтар чуў гэтакiя характары сказаў? Калi ён чуў iх у канцылярыях, выдавецтвах, рэдакцыях, дык гэта не дазваляе яшчэ пiсаць гэтак для друку. Бо збеларусiзаваныя чыноўнiкi, а часта i рэдактары, пазнаёмiўшыся з "практычных слоўнiкаў" з "беларускаю моваю", замест, напрыклад "я не имею охоты идти", гавораць: "я не маю палявання iсцi", замест "половые отношения" гавораць "падлогавыя адносiны", замест "дай ключ открыть шкаф" - "дай крынiцу адчынiць шафу"... "Лунныя лапы" ўсялякiх "Над абрывам" якраз створаны гэтакiм жа самым прынцыпам.



4 из 16