Тут справа вельмi простая. Для таго чалавека, у якога моўнае думанне не беларускае, а расейскае, гэтакiм жаргонам куды лягчэй пiсаць, чымся беларускаю моваю. Дык гэтак i пiшуць. I лiчаць, што гэта беларуская мова, i нiколi iм не ўзбрыдзе нават на думку, што творы, якiя напiсаны гэтакаю моваю, ёсць творы па форме расейскiя, а не беларускiя; але расейскiя непiсьменныя, бо на расейскай мове, напрыклад, не "сiнеючых", не "рашоткi", не "варкуючых", а "синеющих", "решетки", "воркующих". У беларускай жа мове гэтакiх формаў зусiм няма. Дык расейцы маюць права лiчыць гэта сваiм "наречием". Але ўсё ж "наречия" гэтакага расейская мова не мае; абсалютна не мае гэтакiх формаў i беларуская мова. Формы гэтыя ёсць раўналежныя расейскiм; такiм чынам, гэта ёсць расейская мова зусiм непiсьменных аўтараў. Iначай гэтую з'яву нi растлумачыць, нi апраўдаць нельга.

Але можа хто скажа, што нiчога гэтакага ў нас няма? Дык вось бяру "Полымя". Бяру № 5, за 1928 год - той паасобнiк, якi першы трапiў у рукi. Пачынаецца гэтая кнiга перакладам з нямецкае мовы. Пераклад гэты ўспомнiм пасля, а раней глянем на арыгiнальную беларускую творчасць. Адразу ж першае слова - загаловак: "Над абрывам". Аўтар думаў "над обрывом" i напiсаў "над абрывам". Не ведаючы, што ў беларускай мове "абрыў" гэта значыць "парсюк лычам дрэва абрыў". Якраз, як той аўтар "лунных лап" думаў: "И такие смешные следы лунных лап по утесам легли" i пiсаў: "I такiя смешныя сляды лунных лап па ўцёсах ляглi". А пасля пачынаецца тэкст твора "Над абрывам" i адразу ж з першага сказа: "Вясна ў тым годзе наступiла неяк рана". А за гэтым i скрозь пачынаецца: "Звярнуўся да свайго суседа па фурманцы". "Ты занадта вялiкае значэнне прыдаеш барацьбе з адзiнкамi" (33 бал.). "Мы пераможам, калi асабiстае, прыватнае прынясём у ахвяру агульнаму, грамадскаму" (34 бал.). "Зграбная, хiлкая постаць, абрысы якой адзначалiся з-пад лёгкай, адпаведнай часу вопраткi, прыдавала ёй выгляд вясенняй жывасцi". "Праворным махам рукi".



3 из 16