
Але ён не паказаўся нi з-за горкi, нi з-за параснiкаў, а сiлы старой пачалi слабець. Адзiн раз яна прытулiлася да тэлефоннага слупа, нiбы ўпершыню здзiвiўшыся марнасцi надзеi, зiрнула назад, наперад. Як добра, падумала старая, што бацька пахаваны дома, на вясковых могiлках, што ў яго дагледжаная магiлка, а дзе ён? Дзе пахаваны ён? - нема крычала яе душа. Няўжо сапраўды ўсё скончана i нiколi ёй не дачакацца яго i давядзецца падацца ў чужыну да зяця?.. Але чаму пахаваны? Не можа быць, каб памёр ён, ён павiнен жыць, ён iдзе гэтай дарогай, дык трэба спяшацца сустрэць яго. I яна шкандыбала па гразi ў невядомую далеч дарогi.
Апоўднi мiнула знаёмыя мясцiны, вядомыя вёскi. Дарога ўсё вiлася ў восеньскiх прасторах, усё з прагнасцю азiрала яе мацi, але яго не было нiдзе. Яна ўсё iшла, але вельмi знемагла ўжо, часта адпачывала на ўзмежках, ля слупа, на камянях. Спынiцца яна не магла, не магла i вярнуцца: ёй здавалася, што жыццё яе сына - у той дарозе.
А то ёй сустрэўся трактар, ён цягнуў вялiзную чырвоную малатарню, а на ёй i на трактары сядзела некалькi хлопцаў. Старая саступiла з дарогi ў бок ад грукату i лязгу i ўважлiва агледзела седакоў. Адзiн, што сядзеў збоч трактарыста ў кабiне, здаўся ёй неяк вельмi падобны да яе Васiлькi; трактар праехаў, а яна ўсё глядзела ўслед. Хлопец у расшпiленай ватоўцы на малатарнi нешта крыкнуў ёй i засмяяўся - яна не пачула яго слоў, але чамусьцi аж схамянулася ад яго маладога свавольнiцкага смеху.
Падвечар яна ўжо ледзь брыла дарогай, спынялася, задыхалася ад стомы. Старэчы позiрк, што так натхнёна вёў яе ўдалеч, пагас пакрысе, як пагасла i яе нясцерпная надзея сустрэць яго. I ўсё ж яна з дрыготкiм сэрцам узiралася ў дарогу з-за кожнай павароткi.
Урэшце беспадстаўная вера жанчыны пачала марнець. Усё часцей вярталася думка, што дарэмныя яе надзеi, бескарысны клопат. Не прыйдзе ён сёння i нiколi, бо яго няма ўжо на белым свеце. Усё быў зман, пустыя спадзяваннi, i яна прагла толькi даведацца, дзе пахаваны яе сын. Гэта было iншае пытанне, але яно апанавала мацi з гэткай жа нязмернай сiлай, як i тое, што датычылася яго жыцця.
