Калi добра развiднела, Тэкля ўжо не магла стрымаць сябе i, выйшаўшы на вулiцу, пачала ўглядацца ў дарогу. Спачатку там было пуста, потым з'явiлася нейкая фурманка, на ёй сядзела двое мужчын i кабета. Старая ўсё ўглядалася ў iх - пiльна i доўга, захлынаючыся ад нецярплiвасцi, а яны, бесклапотна гутарачы аб нечым i перасмейваючыся, так i мiнулi вёску. Потым зноў на дарозе доўга не было нiкога, аж пакуль здалёк не паказалася нейкая адзiнокая постаць. Яна з'явiлася, паматлялася на краявiдзе i недзе знiкла. У Тэклi адразу адарвалася нешта ўнутры, тупа ўдарыла ў голаў здагадка: "Ён!" Яна прыгледзелася яшчэ i ўжо не магла стрымацца. Не зачынiўшы нават сенцаў, у бахiлах набасанож старая хутка пайшла па дарозе. Спачатку яна абмiнала гразь, пазiраючы то пад ногi, то на пагорак, потым прыбавiла кроку i ўжо не разбiрала дарогi. У нiзiне ля калдобiн, калi знiк з вачэй пагорак, яе ахапiла трывога. Здалося жанчыне, што яна познiцца, што ён упаў там i ляжыць пакалечаны, i мацi, цяжка дыхаючы, кiнулася подбегам.

Сэрца яе ледзь не разрывалася ад гора i напружання, пакуль яна выйшла з лагчыны. Вось-вось, здавалася, яна ўбачыць яго, як у тым сне, на дарозе, зняможанага, пакалечанага. Яна, захлiпаючыся ад стомы i хвалявання, узлезла на пагорак, але дарога была пустая. Гэта было першае расчараванне, але яно не пахiснула веры жанчыны. А можа, ён далей, можа, за параснiкамi цi ў Лужку, думалася ёй, i старая, не спыняючыся, бегла далей.

Над шырокiмi прасцягамi, раллёй i голымi пералескамi непрыкметна зачаўся сумны восеньскi дзень, было ветрана i сцюдзёна. Нiзкае неба поўнiлася цяжкiмi азызлымi хмарамi - яны суцэльным бясконцым статкам плылi з захаду, несучы першы зазiмак.

Тэкля не спынiлася нi на пагорку, нi ля параснiкаў, яна не магла ўжо суцiшыць хады - усё ў ёй iрвалася наперад, туды, адкуль яна чакала яго. Увесь час здавалася старой, што вось-вось яна дасягне горкi цi абмiне хмызняк i ўбачыць яго, i жанчына ўсё прыбаўляла хады.



9 из 12