
Так нараджаўся пiсьменьнiк Вiнцэсь Мудроў. Але я нiколi не пагаджуся, што ён аўтар гумарыстычных твораў. (Гэтая часовая нiша была прыдуманая сябрамi Мудрова, каб яго аповеды ўсё ж траплялi на старонкi беларускiх выданьняў.) Гумар у яго прозе выкарыстоўваецца як прыём, як мастацкi сродак. Мудроў ня ставiць перад сабой задачу павесялiць людзей, прапанаваць iм твор для баўленьня часу. Мэта празаiка больш сур'ёзная i дзёрзкая. I калi, напрыклад, Оруэл пужае сацыяльнымi наступствамi дэспатычнага рэжыму, дык Мудроў iмкнецца паказаць усю яго абсурднасьць, i ў той самы час эфемернасьць, бо ствараем таталiтарызм мы самi, сваiм канфармiзмам, бязвольлем, лайдацтвам. Мудроў нiчога не вынаходзiў. Ён узяў i гепэрбалiзаваў усе тыя мастацкiя прыёмы, якiя выкарыстоўвалi апалягеты сацрэалiзму. Абсурднасьць i марнасьць жыцьця чалавека-шрубкi ў таталiтарным грамадзтве пад пяром Мудрова выяўляюцца настолькi, што гэтае жыцьцё ўвогуле падаецца нейкiм саркастычным зьдзекам з iснасьцi i прыроды. У гэткага жыцьця цалкам адсутнiчае будучыня. Герой яго твораў або бязвольна перасоўваецца ад адной бессэнсоўнай жыцьцёвай падзеi да другой, або, як толькi ў яго нараджаецца мара (няхай сабе пра ненаселены востраў на возеры Асьвея, цi вучобу ў мараходцы) i ён пачынае iмкнуцца да яе, адразу патрапляе ў канфлiкт з акаляючым абсурдным сьветам i, ўрэшце, абавязкова губляе нават тое, што меў. А калi герой пачынае дамагацца нейкай справядiвасьцi, зьяўляецца прадстаўнiк дзяржавы, надзелены ўладнымi паўнамоцтвамi, i нахабна, адчуваючы поўную беспакаранасьць, дабiвае героя. Што заставалася яму рабiць? Адчуваць сябе прусаком, не выторквацца, чытаць i сур'ёзна абмяркоўваць чарговы твор "важдзя", хадзiць на бязглуздыя дэманстрацыi, агучваць яшчэ больш бязглуздыя лёзунгi, iмiтаваць стваральную працу на прадпрыемствах або ў калгасах - i дэградаваць. Так грамадзтва цалкам i пасьлядоўна тупела, пачынаючы ад пiсьменьнiкаў i канчаючы пастухамi.
