
Вось такiя ў Мудрова "жарцiкi". I таму нiякi ён не гумарыст, i "Вожык" няхай на яго не спадзяецца. Працы ў змагароў з таталiтарызмам хапае i сёньня, бо Беларусь яшчэ далёка да цывiлiзаванае краiны. Толькi працярэблiваем новы шлях. З пакутамi i бясконцымi хiстаньнямi. Мудроў жа застаецца адданым сваiм перакананьням i мастацкай мiсii. Пасьля двух афiцыйных кнiжак (у год саракагодзьдзя "маладога" празаiка) ён не падаўся ў СП, а ўвашоў у Таварыства Вольных Лiтаратараў. Рэдагуе творы для тэвээлаўскiх "Калосьсяў" i "Ксэракса Беларускага", i пiша пераважна для гэтых незалежных выданьняў. (Ад каго незалежных? Ад дзяржавы.) Як i раней, пасьмейваецца з твораў беларускай сучаснай лiтаратуры, адстойвае Беларушчыну на старонках наваполацкай "Новай газеты", у якой працуе, прафесiйна малюе палiтычныя карыкатуры (асаблiва ўдала ў яго атрымлiваўся сп. Кебiч), вывучае альбанскую мову (Альбанiя - ягонае другое пасьля лiтаратуры захапленьне), сьпявае песьнi Валерыя Абадзiнскага, зьдзекуецца са сваiх сяброў, любiць балбатаць нi аб чым, але баiцца вялiкiх кампанiяў, нiколi не здымаўся на тэлебачаньнi (колькi нi ўгаворвалi) i не даваў iнтэрвiю радыёжурналiстам, нават на тэвээлаўскiх iмпрэзах прысутнiчае рэдка, у час перадвыбарнай прэзыдэнцкай кампанii зьбiраў подпiсы за Пазьняка.
Калi б мяне спыталi - дык што ж урэшце пiша Мудроў i якая ў яго сапраўдная нiша? - я адказаў бы: Мудроў бацька беларускага сацарта. Пачытайце яго ўважлiва, i вы адчуеце, як пазбаўляецеся шаблённага ўспрыняцьця навакольнай рэчаiснасьцi i незамглёнымi вачыма пачынаеце дэталёва распазнаваць ўвесь абсурд жыцьця чалавека-шрубкi.
1994 г.
