
Убiлiся ў глуш. Усе вёскi ды хутары ў палёх i мiж лясоў. У гарачую летнюю пару, калi вёскi пуставалi цэлымi днямi, выправiўшы жывых усiх у поле, мала было работы. Часта тады i не заходзiлi Кузьма з Уласам у вёску, а начавалi i днявалi нават часам каля рэчкi дзе-небудзь, у кустах. Пяклi вечарам сала на ражэнчыках, ранiцаю ўмывалiся ў рэчцы, вымалi з торбы сарочкi чорныя, якiя даўно ўжо мыць трэба было, i, уцёршыся, iшлi далей.
Тады Кузьма, гледзячы на Ўласа, i густую бараду сабе запусцiў.
А ўвосень работы стала многа, хоць нядоўга прыходзiлася прыпыняцца на адным месцы - тыдзень, два - не больш, але затое далей ужо пэўная праца чакала.
Любiў Улас працаваць у глушы восенню. Сытыя вёскi тады. А ў здаровыя ясныя днi "баб'яга лета", калi белае павуцiнне блытаецца ў iржышчы за гумнамi, плавае ў чыстым сiнiм паветры, звон пiлы гучна аддаецца ў прасторы.
Весела робiцца за працаю тады...
У пору, калi восень гатавалася ўжо ўступiць месца зiме, работы па вёсках больш яшчэ стала...
Было хоць ясна ад сонца, але холадна.
Начамi былi першыя марозы, але ў палях мала было iм што замарожваць восень была сухая.
Па аўсяным iржышчы, каля хутароў, цягалiся крыклiвыя гусi, а ў чыстым полi i на паплавах панавалi вясёлыя вароны.
Буян-вецер радасна гайсаў па полi, пераскакваў цераз кусты, з песняй забягаў наперад, зазiраў холадам у вочы, трапятаўся за каўняром, блытаўся ў вусах i бародах. Чуць-чуць ад яго пазвоньвала за плячыма пiла; боты стукалi размерана, паважна.
- От каб дзе, здаецца, на адным месцы засесцi, не люблю цягацца. Каб дзе гаспадарку якую завесцi, - сказаў Кузьма.
- Па мне, - адказаў Улас, - можна засесцi, можна i хадзiць. Мне ўсё роўна. А пакуль што добра было б прыпынiцца дзе сягоння на работу, цягнуцца далёка ахвоты няма ветрам такiм - у вочы сыпле i з ног збiвае.
