- I ўсяго табе?

- Усяго. Табе другое дзела. Прывык ты к аднаму месцу з малых дзён. А мне ўсё роўна.

- Трэба будзе ў вёсцы якой паклапацiцца, каб на вясну зямлi кавалак адвялi - там i засяду, калi гранiца дадому не адкрыецца. Зiмою падумаю.

- Падумай сабе... А сяла не вiдаць нiдзе... Заварочваецца як бы вецер з другога боку...

Потым змоўклi i цiха iшлi далей, аддаўшыся глухой дарозе - куды прывядзе... Як дарога крута спусцiлася ўнiз, узышлi на мосцiк над вузкаю рэчкаю. Чыстая вада, сцiснутая абкошанымi берагамi, баялася некуды спазнiцца i ўсё плыла-плыла, падганяючы сама сябе. Вецер шараваў рэдкiмi калiвамi пакалечанага быдлам плюшнiку аб берагавыя карчы.

- Што гэта ён там робiць, - сказаў Кузьма, ткнуўшы пальцам налева.

Улас стаў i прыгледзеўся.

Там, на жоўта-зялёным беразе, дзе пачыналiся нiзенькiя кусты ядлоўцу, сядзеў, прытулiўшыся к караваму пню крывое, голае вярбы, рыжы мужык у жоўтым, доўгiм кажусе. Ззаду за iм цягалася чорная кабыла, пашчыпваючы нiзенькую мёрзлую траву, а вецер падмахваў пасмамi яго доўгае, чырвонае барады, ад чаго падобнымi яны былi да языкоў полымя на вогнiшчы ўночы.

- Што гэта яму прыйшло ў галаву пасвiць каня гэтакаю парою?

- Не, гэта ён там так нешта робiць другое.

- Можа i гэтак... Давай сядзем на мосце - аддыхнём i закурым. Ды папытаем, дзе тут вёскi якiя ёсць.

Яны селi на халодным мосце, глядзелi ў адно месца, i здавалася iм, што сонца як бы грэць трохi стала.

Рыжы мужык падышоў к пiльшчыкам. Высокаю i лёгкаю фiгураю сваёю стаяў ён проста пры самым мосце ўнiзе, улажыўшы рукi ў рукавы кажуха i ад холаду чмыхаючы тонкiм гарбатым носам.

- Аддыхаеце?

- Але.

- Далёка iдзiцё?

- I далёка i блiзка. Дзе работа будзе з пiлою - нiдзе не брышкуем. А сёлы далёка тут?



3 из 20