Звычайна рабочыя кпiлi з яго сарамлiвасцi, бо гэты мядзведзь заўсёды ўпарта хаваў свае вартасцi. Але сёння нiхто, здаецца, не звярнуў на гэта ўвагi. Эспазiта задам выйшаў з душа i аперазаўся ручнiком накшталт набедранай павязкi. За iм па чарзе пачалi мыцца iншыя. Калi Марку з асалодай пляскаў сябе па голых баках, вялiкiя дзверы зарыпелi i паволi адкацiлiся на чыгунным колцы. Увайшоў Ласаль.

Ён быў апрануты, як i першы раз, адно валасы былi трошкi раскудлачаныя. Ён спынiўся на парозе, азiрнуў прасторную, апусцелую майстэрню, ступiў некалькi крокаў, зноў спынiўся i глянуў у бок раздзявальнi. Эспазiта, па-ранейшаму аперазаны сваёй набедранай павязкай, стаяў, пераступаючы з нагi на нагу, i збянтэжана глядзеў на гаспадара. Iвар падумаў, што Марку, напэўна, павiнен нешта сказаць. Але Марку адхiнуўся заслонай дажджу i яго не было вiдаць. Эспазiта схамянуўся, схапiў кашулю i спрытна яе нацягнуў. Тады, крыху прыглушаным голасам, Ласаль сказаў: "Усяго добрага", - i пайшоў да заднiх дзвярэй. Калi Iвар падумаў, што яго трэба паклiкаць, дзверы ўжо зачынiлiся.

Не чакаючы сваёй чаргi, каб памыцца, Iвар апрануўся i ад шчырага сэрца развiтаўся таксама. Усе адказалi яму з аднолькавай цеплынёй. Ён хутка выйшаў, сеў на ровар i зноў адчуў ламоту ў спiне. Наблiжаўся вечар, горад быў поўны людзьмi i машынамi. Iвар ехаў шпарка, бо хацеў хутчэй апынуцца дома, на тэрасе. Спачатку ён памыецца ў пральнi, а пасля сядзе i будзе глядзець на мора, якое - вунь ужо выбегла па-за парапетам бульвара, хай цяпер i не такое блакiтнае, як уранку. Але думка пра дзяўчо нiяк не пакiдала яго, i ён не мог, як нi стараўся, пазбавiцца ад яе.

Дома хлопчык ужо вярнуўся са школы i цяпер чытаў часопiсы з малюнкамi. Фернанда запыталася, як усё прайшло. Але Iвар не адказаў i пайшоў мыцца ў пральню. Потым вярнуўся, выйшаў на тэрасу i сеў на лаву, абапершыся спiнаю аб сцяну.



13 из 14