Патроху ён адвыкся ад гэтых бурных дзён, што напаўнялi яго маладое цела жыватворным сокам. Глыбокая, чыстая плынь, спякотнае сонца, дзяўчаты, вольнае цела - у гэтым краi не было iншага шчасця. I яно адыходзiла разам з маладосцю. Iвар па-ранейшаму любiў мора, але цяпер мог глядзець на яго толькi ўвечары, калi блакiт бухты ўжо крыху згасаў. Гэта быў прыемны час, калi ён пасля працы сядаў на тэрасе свайго дома, трымаючы ў руцэ запацелую шклянку ганушоўкi. Хораша было адчуваць на сабе чыстую кашулю, так умела адпрасаваную Фернандай. Апускаўся вечар, неба ахiналася ў мяккую вынегу, i суседзi, якiя вялi з Iварам нейкую гамонку, раптам панiжалi голас. Ён не ведаў тады - цi ён шчаслiвы, цi - наадварот - яму хочацца плакаць. Прынамсi, у такiя хвiлiны ён замiраў у нейкiм супакаеннi, i яму заставалася толькi адно - чакаць, хоць ён i сам не ведаў чаго.

Але ранiцай, калi ён ехаў на працу, глядзець на мора ён цяпер не любiў. Яно, як i раней, заўжды выбягала яму насустрач, але iх спатканне пераносiлася толькi на самы вечар. Гэтым ранкам ён ехаў, панурыўшы галаву, i кожны метр дарогi даваўся яму цяжэй, чым звычайна, бо на душы ў яго таксама ляжаў цяжар. Калi ўчора ён вярнуўся ўвечары са сходу i сказаў, што заўтра яны зноў выходзяць на працу, Фернанда ўзрадавалася. "Што, - сказала яна, - значыць, гаспадар дае вам прыбаўку?" Але нiякай прыбаўкi гаспадар не даваў, забастоўка правалiлася. Яны дзейнiчалi дрэнна, гэта трэба было прызнаць. Прычынай забастоўкi была злосць, i тое, што прафсаюз паставiўся да яе без асаблiвага энтузiязму, было слушна. Дый нарэшце, паўтара дзесятка рабочых - не бог ведае што, прафсаюз прымаў ва ўлiк iншыя бандарнi, а тыя не падтрымалi. I крыўдаваць на iх за гэта не даводзiлася. Бандарная справа, якой пагражала будаванне налiўных суднаў i аўтацыстэран, была зусiм не на ўздыме. Барылаў i бочак рабiлi ўсё менш i менш, i ў асноўным займалiся рэпарацыяй старых вiнных чопаў.



2 из 14