
Вядома, уладальнiкi бандарань бачылi, што справы ў iх iдуць на глум, але прыбытак свой усё ж iмкнулiся захаваць, i сама простым для гэтага iм здавалася замарозiць заробак рабочых, не гледзячы на рост цэн. А што рабiць бондару, калi бандарства знiкае? Рамяство не памяняеш, калi палажыў столькi працы, каб яму навучыцца. А бандарства было рамяство цяжкае i патрабавала доўгай вывучкi. Рэдка знойдзецца такi бондар, якi здолее прыгнаць пукатыя клёпкi, амаль герметычна змацаваўшы iх на агнi i сцiснуўшы абручом, без дапамогi пакулля цi iншай ушчыльнёўкi. Iвар гэта ўмеў i ганарыўся гэтым. Памяняць рамяство - яшчэ нiчога, але адмовiцца ад таго, што ведаеш, ад свайго ўласнага майстэрства нялёгка. Прафесiя добрая, а працы няма, нiдзе не дзенешся - трэба прымiрыцца. Але i прымiрыцца таксама нялёгка. Няпроста трымаць язык за зубамi, не мець магчымасцi шчыра выказаць свае думкi i вось так, кожную ранiцу ездзiць на працу, згiнаючыся ад стомы, якая павялiчваецца кожны раз усё больш i больш, каб у канцы тыдня атрымаць тое, што табе зробяць ласку падаць - нейкiя мiзэрныя грашы, жыць на якiя ўсё цяжэй i цяжэй.
I тады iх апанавала злосць. Двое цi трое спачатку яшчэ вагалiся, але пасля першых размоў з уладальнiкам бандарнi раззлавалiся i яны. Уладальнiк заявiў, што таргавацца з iмi не збiраецца - хто працаваць не хоча, можа iсцi. З людзьмi так не размаўляюць. "Ён што думае, - сказаў тады Эспазiта, - што мы спусцiм перад iм штаны?" Зрэшты, уладальнiк быў неблагi хлопец. Майстэрня перайшла яму ў спадчыну ад бацькi, ён у ёй вырас i з маленства ведаў амаль усiх рабочых. Часам ён запрашаў iх закусiць - проста тут, у бандарнi; яны смажылi сардзiны цi крывяную каўбасу, падкiдаючы ў агонь габлюшкi, i пагутарыць з iм вось так, за кiлiшкам вiна, было сапраўды прыемна. На Новы год ён заўсёды даваў кожнаму па пяць бутэлек добрага сухога вiна, а калi нехта хварэў цi проста выпадала нейкая прычына - вяселле або хрэсьбiны, - рабiў i грашовыя падарункi.