Калi ў яго нарадзiлася дачка, усiм былi паднесены цукеркi. Двойчы цi тройчы ён запрашаў Iвара на паляванне ў свой маёнтак на ўзбярэжжы. Ён любiў сваiх рабочых i часта прыгадваў, што ягоны бацька таксама пачынаў як звычайны чаляднiк. Але ён нiколi не заходзiў да iх дамоў, ён не ўяўляў сабе, што гэта такое. Ён думаў толькi пра сябе, бо ведаў толькi тое, што робiцца ў яго доме. I вось цяпер заявiў, што таргавацца з iмi не збiраецца. Iначай кажучы, ён таксама занаравiўся. Але ж ён мог сабе гэта дазволiць.

Яны дамаглiся згоды прафсаюза, i майстэрня спынiла працу. "Можаце не клапацiцца, каб выстаўляць свае пiкеты, - сказаў уладальнiк. - Калi майстэрня не працуе, я толькi выйграю". Гэта была няпраўда. Але i яна не ўладкавала справы, бо гэтым ён казаў iм у твар, нiбы дае працу дзеля мiласцi. Эспазiта ашалеў ад гневу i сказаў гаспадару, што ён не чалавек. Тады той таксама закiпеў, налiўся крывёй, i iх давялося разнiмаць. Але рашучасць гаспадара ўсё ж уразiла рабочых. I вось дваццаць дзён забастоўкi, дома - сумныя твары жанок, двое цi трое хлопцаў ужо пачалi трацiць надзею, i нарэшце прафсаюз параiў саступiць, паабяцаўшы быць пасрэднiкам i дамовiцца аб аплаце дзён забастоўкi за кошт дадатковых гадзiн. Яны вырашылi аднавiць працу. Вядома, зроблена гэта было не без пыхлiвасцi - маўляў, нiчога яшчэ не скончана, яшчэ ўбачым, хто каго. Але гэтым ранкам стома нагадвала пра цяжар паражэння, а ў торбе замест мяса ляжаў сыр. Будаваць нейкiя iлюзii ўжо было немагчыма. Iвар круцiў адзiны педаль ровара, i яму здавалася, што з кожным паваротам кола ён старэе яшчэ больш. Калi ён думаў пра хуткую сустрэчу з таварышамi, майстэрняй, з яе ўладальнiкам, на сэрцы ў яго цяжэла. I Фернанда непакоiлася: "Што ж вы яму скажаце?" - "Нiчога", - Iвар перакiнуў нагу цераз сядло, абжэргаў ровар, кiваючы галавой. Ён сцiснуў зубы, i яго невялiчкi загарэлы твар, пакрыты дробнымi зморшчынкамi, спахмурнеў. - "Будзем працаваць. Гэтага досыць". Цяпер ён ехаў, гэтак жа сцяўшы зубы, апанаваны глухой, высушальнаю злосцю, ад якой, здавалася, цямнела само неба.



4 из 14