
Цяпер усе яны стаялi ў раздзявальнi, што была справа ад увахода. Нiбы стайня, яна падзялялася светлымi дашчанымi перагародкамi на вузкiя станкi без дзвярэй, у кожным стаяла невялiкая шафка. Апошняя ад увахода кабiнка, у куце, была прыстасавана пад душавую, дзе проста ва ўтрамбаванай зямлi быў пракапаны рышток. Пасярод майстэрнi, побач з кожным працоўным месцам валялiся сабраныя, з яшчэ не дапушчанымi абручамi бочкi, якiя чакалi сваёй падгонкi на агнi; стаялi масiўныя лавы з прарэзанай па цэнтры доўгай шчылiнай, з якой часам тырчала недагабляванае фуганкам днiшча; далей чарнелi закураныя горны. Злева ад увахода ўздоўж сцяны стаялi варштаты. Перад iмi кучамi грувасцiлiся неабструганыя клёпкi. Каля правай сцяны, непадалёк ад раздзявальнi, моўчкi блiшчалi дзве вялiкiя, магутныя, шчодра падмазаныя механiчныя пiлы.
Хлеў ужо даўно стаў занадта вялiкi для той жменькi людзей, якiя яго займалi. У спёку гэта было выгодай, але ўзiмку прыносiла вялiкiя пакуты. Сёння ж тут было асаблiва няўтульна: рабочыя прылады былi параскiданы абы-дзе, па кутах валялiся бракаваныя бочкi, iх клёпкi, змацаваныя ўнiзе адным абручом, распадалiся нiбы пялёсткi груба вычасаных драўляных кветак, на лавах, скрынях з начыннем, варштатах ляжаў апiловачны пыл - усё гэта надавала майстэрнi занядбаны выгляд.
