
Ужо пераапранутыя ў старыя нацельнiкi i палiнялыя, залапленыя штаны, рабочыя нерашуча пазiралi вакол. Балестэр глядзеў на iх. "Ну што, - нарэшце сказаў ён, - пачнём?" Адзiн за адным яны моўчкi разышлiся на свае месцы. Пераходзячы ад аднаго да другога, Балестэр сцiсла нагадваў кожнаму, што ён мусiць рабiць цi закончыць. Нiхто яму не адказваў. Неўзабаве грукнуў па зубiле першы малаток, насоўваючы абруч на пукаты бок бочкi; зарыпеў, наскокваючы на сучкi, фуганак; пакрыўджана загула, завiшчала пушчаная Эспазiтам электрапiла. Каму было трэба, Саiд падносiў клёпкi цi запальваў вогнiшча, над якiм трымалi бочкi, пакуль яны не набухалi ў сваiм жалезным гарсэце. А калi яго нiхто не клiкаў, з усяго размаху кляпаў на варштаце вялiзныя ржавыя абручы. Хлеў пачынаў поўнiцца пахам палёных габлюшак. Iвар, якi габляваў i падганяў клёпкi, нарэзаныя Эспазiтам, учуў гэты стары, знаёмы водар, i на душы ў яго крыху палегчала. Усе працавалi моўчкi, але пацiху ў майстэрнi пачынала цяплець, вярталася жыццё. Яркае святло, пранiкаючы праз высокiя шыбы пад столлю, залiвала ўвесь хлеў. У залачоным паветры падымалiся сiнiя дымкi. Iвар нават пачуў, як побач прагудзеў нейкi жук цi то муха.
У гэту хвiлiну заднiя дзверы ў старую бандарню адчынiлiся, i на парозе ўзнiк гаспадар, пан Ласаль. Гэта быў хударлявы брунет, якому ледзь перайшло за трыццаць. Ён быў у бежавым габардзiнавым гарнiтуры i белай кашулi i, мяркуючы па ўсiм, адчуваў сябе ўпэўнена ў сваiм целе. Нягледзячы на вузкi, кашчавы, з рэзкiмi рысамi твар, ён звычайна выклiкаў сiмпатыю, як i большасць людзей, якiя дзякуючы спорту трымаюцца вольна i натуральна. Праўда, гэты раз, адчынiўшы дзверы, ён выглядаў трошкi збянтэжана, i яго прывiтанне прагучала не так зычна, як заўсёды. Нiхто ва ўсякiм выпадку не адказаў. Адно дробат малаткоў збiўся, разладзiўся на нейкi момант, але адразу загрукатаў зноў, з новай сiлай. Ласаль нерашуча ступiў некалькi крокаў наперад, спынiўся i потым рушыў да Валеры, хлапчука, якi працаваў з iмi ўсяго толькi год.