Увечары, за кухлем пiва, я слухаю ўспамiны спадарынi Ядзьвiгi й разглядваю альбомы - вось дом у Калодзiшчах, дзе яны з Фрыцам сустрэлiся, вось касьцёл сьвятога Роха са зьбiтым сьпiчаком (фота рабiў у 1941-м Фрыц). Мы абмяркоўваем нядаўнюю тэлеперадачу пра сэксуальныя пэрвэрсii, дзяўчынак-фiлiпiнак зь нелегальных прытонаў i шлюбы лесьбiянак. Мая гаспадыня рашуча супраць такiх навацыяў, а я, бадай, не адмовiўся б на колькi дзён пераўвасобiцца ў сямейную лесьбiянку, каб дасьледаваць у такой ячэйцы грамадзтва, напрыклад, праблему адзюльтэру. Пытаньне выглядае даволi неадназначна: як, скажам, ацэньваць сытуацыю, калi нехта зь лесьбiйскай сям'i трапiць у абдымкi да мужчыны?

Мы глядзiм "вiдзiкi" пра разбурэньне Бэрлiнскае сьцяны й пра першыя гады акупацыйнага рэжыму саюзьнiкаў. Я даведваюся, як сардэчна ставiлiся савецкiя салдаты да нямецкiх дзяцей i як яны без разбору гвалтавалi нямецкiх жанчын, дзяўчат i дзяўчынак, перасягнуўшы ў гэткiх подзьвiгах i нямецка-фашыстоўскiх i татара-мангольскiх захопнiкаў. (Адзiнаццацiгадовую сястру майго бэрлiнскага знаёмца ўратавала адно тое, што на голаў п'яному салдату, якi цягнуў дзяўчо ў ложак, ягоны яшчэ больш п'яны сябрук скiнуў з другога паверху кватэры грамафон.)

Ураньнi, зьеўшы на дэсэрт трускавак або вiшняў з саду, што глядзiцца ў вокны маiх гаспадароў, я выпраўляюся швэндацца па Бэрлiне, ловячы сябе на думцы, што ўжо ведаю яго, прынамсi, значна лепей за Маскву. У голаў, вядома, лезуць згадкi, аналёгii й алюзii.

Белакаменную я пераведваў разы чатыры. Кожны быў напоўнены мноствам незабыўных хвалюючых уражаньняў, але асаблiва ўразаўся ў памяць нейкай адной адметнаю падзеяй.

Першы раз, едучы ў казахстанскi будатрад кватэр'ерамi, мы залiлi на ўскраiне Краснай плошчы дзьве дзесяцiлiтровыя полiэтыленавыя канiстры пiвам i на падыходзе да маўзалею былi затрыманыя нарадам мiлiцыi, што палiчыў нас за падпальшчыкаў.



11 из 14