Другi раз я знаходзiўся ў "чолотвэрдзi" транзытам, начаваў на вакзальнай лаўцы i быў разбуджаны сярод ночы разьятранай прыбiральшчыцай, што хвостка выцяла мяне па заспанай пысе мокрым брудным венiкам, якi пакiнуў у барадзе жменю сланечнiкавай лузгi. Яшчэ адзiн раз некалькiх маладых беларускiх лiтаратараў прывезьлi на паседжаньне савету па беларускай лiтаратуры Саюзу пiсьменьнiкаў СССР, i на пачатку iмпрэзы вядомы савецкi крытык Павел Ульяшоў бадзёрым тонам спавясьцiў нас, што ўчора праглядаў нашыя кнiжкi й зразумеў, што беларуская мова сапраўды йснуе.

Але тое ў Маскве.

У Бэрлiне ж былая мяжа ўсходняга й заходняга сэктараў адчуваецца ня меней, чым летась. У заходнiм на кветнiках абавязкова растуць кветкi, ва ўсходнiм, не раўнуючы, як дзе-небудзь у нашым Леплi, можа раскашавацца й лебяда. "Неўмiручае i ўсемагутнае (потому что верное)" вучэньне здолела так пераўтварыць сьвет, што нават жоўтыя гарлачыкi ў заходнебэрлiнскай сажалцы выдаюць вiдочна жаўцейшымi.

Водблiз станцыi падземкi на Фрыдрыхштрасэ наш былы суайчыньнiк па Савецкiм Саюзе тужлiва пiлуе на акардэоне "На позицию девушка провожала бойца". На недалёкiх могiлках зь белага пастамэнту пад белай акацыяй зьдзiўлена ўслухоўваецца ў экзатычную мэлёдыю галава Генрыха Мана.

Тамсама, на Фрыдрыхштрасэ, ёсьць плот зь дзiркаю. Працiснуўшыся празь яе, апынаесься на пустцы, дзе стаiць дом, якi, магчыма, спадабаўся б Мiрэле, бо над iм учынiлi вiвiсэкцыю: адна сьцяна будынку абрынутая, i вачом адкрываюцца ўсе куродымныя тайнiцы ягонага чэрава. Каля дому расьце "дрэва" - стаўбур з бляшаных вадасьцёкавых трубаў i галiны з галiнкамi з размаiтых скарлючаных трубак i дроту. Краявiд пусткi, што ажыўляе ў памяцi вясёленькую "постатамную" навэлу Рэя Брэдбэры "Будзе ласкавы дождж", выдатна дапаўняе высозная "кветка" зь бiтага шкла й iржавага жалезьзя. Гэтай расьлiне пасуе кампанiя зацягнутых у чорную скуру хлопцаў з голенымi галовамi, якая смокча ў засенi шкляных пялёсткаў бляшанкавае пiва. Мусiць, я ўсё-ткi ня надта падобны да турка, аднак, мяркуючы па позiрках хлапцоў, мне хочуць прапанаваць зусiм ня пiва.



12 из 14