Варона сядзiць i на вокладцы часопiсу, дзе надрукаваныя нашы зь Мiрэлаю опусы. Калi казаць больш дакладна, дык птушка ўладкавалася на мапе Эўропы, нацэлiўшыся дзюбаю на яе ўсходнi кавалак. Няхай дзяўбецца й надалей, думаю я, пакуль Ролянд замаўляе таксоўку, каб адвезьцi нас на вячэру.

За гасьцiннасьць нам зь Мiрэлаю трэба разьлiчыцца дзьвюма лiтаратурнымi вечарынамi. Першая адбываецца ў нечым накшталт гарадзкога Дому культуры. Аншлягу няма, аднак пытаньняў хапае. Сiльвiя чытае маё, па сутнасьцi першае ў жыцьцi, сэнтымэнтальнае апавяданьне пра пеўня на гарадзкiм гаўбцы. Адзiн са слухачоў, якi паводле веку мог быць у "Гiтлерюгендзе", а мог i на фронце, упэўнена называе опус паэтычна-фантастычным. Я пярэчу. Апрача таго, праблема мае iнтэрнацыянальны характар. Прэса паведамляла, што аналягiчны выпадак меў месца ў Боне, але там суседзi падалi заяву на гаспадара пеўня не ў палiцыю, а адразу ў Эўрапейскi суд па правох чалавека.

Вiдаць, што гановэрская публiка ня сьпешчаная сустрэчамi з гасьцямi з былога сацлягеру. "Чаму вы так цiха гаворыце? - пытаецца ў нас зь Мiрэлаю падстаркаватая фраў. - Вы яшчэ баiцёся?"

Нашая начная рэзыдэнцыя - родны дом Ролянда ў гарадку Цэле за паўсотнi кiлямэтраў ад Гановэру.

У электрычцы з намi знаёмiцца малады жаўнер бундэсвэру. Пачуўшы пра Менск i Сафiю, ён кажа, што разьведка Варшаўскага дагавору працавала на мiжнародных iмпэрыялiстаў. У iншым разе камунiстычнае камандаваньне даведалася б, што ў бундэсвэры жаўнераў распускаюць на ўiкенд па хатах i без праблемаў узьняло б у выхадныя днi чырвоны сьцяг над Гановэрам дый рэшткаю Эўропы.

Пад перастук вагонных колаў мне згадваецца, як некалi, у часы, калi наша неабсяжная краiна будавала БАМ i жыла пад лёзунгам "Нечерноземье - ударный фронт!", такой самай парою я ехаў на начлег са сталiцы ў падмаскоўны гарадок.



3 из 14