
Першы мой спадарожнiк пазьней выкладаў у Вiльнi ў Вышэйшай партыйнай школе, потым быў беспрацоўным, потым узяўся выкладаць нешта супрацьлеглае зьместу й патасу сваёй дысэртацыi ў палiцэйскай акадэмii, а пасьля заняўся бiзнэсам i аднойчы напрамiлы Бог прасiў мяне перадаць на менскiм вакзале нейкаму чалавеку нейкую сумачку. Другi папутнiк, што ў студэнцкiя гады захапляўся подзьвiгамi Iгната Грынявiцкага й Iвана Пулiхава й казаў, нiбыта рыхтуецца "замачыць" Леанiда Iльлiча, паехаў пасьля камсамолскай аlma mаtеr выконваць iнтэрнацыянальны абавязак у Афганiстан, спаў у гатэльным нумары не на ложку, а ў абкладзенай мяхамi зь пяском ваньне, а аднаго дня сеў у гэрацкiм аэрапорце ў тамтэйшую таксоўку й нiкуды не прыехаў...
Сацыялiстычныя iдэалы былi калiсьцi не чужыя й Ролянду Бальцэру, пагатоў ягоным бацькам належала ў Цэле колькi рэстарацыяў. Ролянд зь сябрамi нават стварыў камуну. (Сустрэўшыся празь пятнаццаць гадоў, яны - бiзнэсмэны, банкiры, проста заможныя людзi - ўволю нацешылiся ўспамiнамi.) Як рэха таго даўняга часу я ўспрыняў дэмакратычнае Роляндава рашэньне: самому ўлегчыся спаць, калi мы пасьля вячэры паднялiся на другi паверх, на падлозе, а мяне ўладкаваць на ложку. Калi Ролянд прыедзе да мяне ў Менск, я таксама лягу на падлозе. Праўда, у нас ня будзе на другiм паверсе мэзанiну з усiмi выгодамi, ня будзе тэрасы з выхадам у сад i могуць надацца перабоi з вадой i баварскiм пiвам, а таксама з салямi, кiвi й яшчэ некаторымi дзяжурнымi прадуктамi.
