
Калi вы глядзелi фiльм "Генэралы пяшчаных кар'ераў", дык мусiце памятаць кульгавага хлопчыка, што на колькi дзён трапляе ў багаты дом. У адрозьненьне ад хлопчыка, я пакуль што не кульгавы, не распавядаю сьлязьлiвых гiсторыяў пра таткаву сьмерць i ня маю сувязяў у крымiнальным сьвеце. Усё астатняе вельмi падобнае да фiльму.
У доме спадарынi Ядзьвiгi, апрача яе з мужам Хельмутам, жывуць трынаццаць катоў на чале з заснавальнiцай гэтай кашэчай дынастыi Паўлiнай, якая сыта вуркоча ўжо цэлую чвэртку стагодзьдзя. Каты, якiм я прывёз прывiтаньне ад iхняй самотнай менскай супляменьнiцы Басоты, падзяляюцца на "сацыялiстычных", што кватаруюць на цокальным паверсе, i "капiталiстычных", якiя па-гаспадарску пачуваюцца наверсе. Падзел чацьвераногiх гаспадароў паводле сацыяльна-эканамiчных фармацыяў чыста ўмоўны, бо розьнiца ва ўзроўнi iх жыцьця ў лiтаральным сэньсе палягае ў прасторы. Проста "сацыялiсты" схiльныя да самоты й ня любяць чужых людзей. За колькi тыдняў да майго прыезду менавiта "сацыялiстычны" паверх гэтай Мурлындыi, узьняўшы страшэнны вэрхал, папярэдзiў гаспадароў, што ў дом залезьлi злодзеi.
Колькасьцi катоў у доме прыкладна адпавядае колькасьць гадзiньнiкаў. Усе яны з боем, прычым iдуць з разьбежкаю, i раней за дванаццаць ночы спаць нязвыкламу чалавеку тут лепей ня класьцiся, бо апоўначы ў пакоях пачынаецца праўдзiвы канцэрт.
