Гэты тунэль прывёў нас у прытульную тэатральную кавярню. Людзей трохi болей, чым запаленых на ссунутых мармуровых столiках сьвечак. Дзяўчына з валасамi й вачыма русалкi пытаецца, як завуць беларуску з профiлем Нэфэрцiцi, што стукае абцасiкамi па менскiм асфальце. Я адказваю, што ў яе вельмi эўрапейскае iмя. Дарэчы вынырвае сэнтэнцыя з Гесэвага "Дэмiяна": анфас маска, сутнасьць пазнаецца ў профiлi.

Наступнае пытаньне: цi адчуваеце вы, што немцы да вас халодныя й абыякавыя? Мiрэла спраўляецца з адказам хутка. У мяне так не атрымлiваецца. Я кажу пра нашу балцкую кроў i пра тое, што балцкiя лейкацыты й эрытрацыты нясуць па жылах беларусаў балцкую стрыманасьць. Я кажу, што люблю, каб мяне не чапалi, каб ня лезьлi ў душу й не прапаноўвалi дзюбнуць за вуглом "пузыр" на траiх, закусiўшы плаўленымi сыркамi. Я кажу, што не хачу, каб мяне, ухвальна паляпваючы па плячы, называлi "простым парнем". Я не хачу быць гаваркiм i не хачу выслухоўваць споведзi незнаёмых людзей. Я выказваю здагадку, што, напэўна, гэтыя рысы ўласьцiвыя сярод беларусаў ня толькi мне.

Пакуль Мiрэла перакладае, я ўспамiнаю старую показку, як Васiль Iванавiч вяртаецца з Парыжу. "Што новага, Васiль Iванавiч, прывезьлi з Парыжу?" пытаецца Пецька. "Ня ведаю, Пецька, яшчэ да доктара не хадзiў", - адказвае легендарны камдыў. Калi б я ведаў нямецкую мову або калi б не шкадаваў Мiрэлы, я распавёў бы зараз яшчэ й гэтую показку i, iнтрыгуючы публiку, паведамiў бы, што таксама заразiўся. Вытрымаўшы неабходную для належнага эфэкту пярэрву, я супакоiў бы чытачоў i асаблiва чытачак, удакладнiўшы, што ў Гановэры я заразiўся зусiм не AIDS, а - нямецкiм спакоем.

Эўропа робiцца блiжэйшаю. Вось i Бэрлiн ужо ня мэта падарожжа, а ўсяго толькi прыпынак на зваротным шляху. Але гэта - ня спляжанае бальшавiкамi старадаўняе мястэчка, празь якое я еду зь Менску ў свой Полацак, у лепшым разе выходзячы на стаянцы да ветру.



8 из 14