- А сястрычка ж мая, зрабi ж ты гэта. Вось i Павал мой узрадуецца, сумны нешта ж вельмi ён цяпер зрабiўся. А я толькi думала аб iм.

I невядома чаму так раптоўна Ганна заплакала. Яна доўга сядзела на адным месцы, на лаве, у кутку Паўлавай хаты, выцiрала рукавом зрэбнага каптана слёзы i чмыхала носам.

А ў галаве ў дзяўчыны хадзiлi вольныя думкi - цi то нявыяўленыя, яшчэ цьмяныя, радасныя нейкiя надзеi нараджалiся ў яе.

Нешта яснае выяўлялася перад маладым жыццём, i само жыццё паднiмалася наперадзе, як вялiкая, цiкавая дарога, на якой апаноўваюць чалавека радасныя хваляваннi.

- Гадаўка гэтая Насця, - сказала моцна Паўлава мацi.

"А што яна вiнавата?" - хацела сказаць Ганна, але сказала, палажыўшы палец на губу:

- Я не дамся ў крыўду Мельгуну.

- От Павал будзе весялейшым, - з хiтраю ўсмешкаю сказала Паўлава мацi, - а то ж вельмi думаць аб нечым пачаў многа.

IV

Павал у той дзень зусiм вясёлым выехаў з горада.

Доктар яму нiчога не сказаў, толькi даў нейкiх зеленаватых пiлюль; купiў яшчэ Павал хустку матцы i новую касу. А як выязджаў з горада, дык адчуваў, што ўсё будзе добра, - цi то гэтыя пiлюлi памогуць, цi то зусiм нiчога ў яго няма. Вось будуць пагодлiвыя днi, добра будзе касiць каля рэчкi; а Насця - чорт яе бяры. I, едучы, бачыў, як на краю горада музыкi збiраюцца граць у вялiкiм разгароджаным садзе.

У капельмайстра таксама балелi грудзi, i ён стрымлiваў кашаль. У аднаго музыкi балеў зуб, i яму цяжка было дзьмуць у флейту. Ён думаў аб тым, што ад яго флейты многае залежыць у музыцы. I не было весела, нават сумна было капельмайстру i флейтысту.

Таксама не было весела i яшчэ аднаму музыку, бо дома былi ў яго нейкiя нелады ў сям'i, i толькi лепш адчуваў ён сябе ў настроях тады, калi выходзiў з дому.

Так трое гэтых людзей, ад якiх многа залежала ў музыцы, далёка былi ў тую хвiлiну ад весялосцi. Толькi нiхто не ведаў i не бачыў гэтага, бо як махнуў капельмайстар рукамi i гранула музыка, ва ўсiх, хто слухаў, раптам пачало з'яўляцца вялiкае захапленне жыццём, адчуванне яго вялiкасцi i хараства. А ў каго i з'явiўся смутак, дык быў ён радасным i жаданым.



10 из 12