
Нават i не думка гэта была, а пачуццё.
Зусiм пачынала вiднець, а на полi разгуляўся радасны вецер.
III
У тую ранiцу ў вёсцы яшчэ прыцемкам устала жанчына. Было шмат работы адной у хаце.
"Хаця б дождж не пайшоў ды не абмачыў Паўла", - падумала яна пра сына.
I ўсё тупала па двары ды думала пра Паўла. Яно не то, што гэта было шкада ёй, што Павал нездараўчаны, - аб гэтым не думалася, бо да гэтага прывыклася i было гэта звычайным. Думала яна, што Павал, мусiць, змёрз уначы.
Была жанчына старая i часта насiла ў сабе нейкi востры настрой. Бо гэта яна многа перажыла была за жыццё бяды i гора, i гэта зрабiла яе чулай вельмi.
У тую ранiцу яна брала пад паветкаю дровы i ўбачыла, як каля самай сцяны дрыжаў на ветры дробны куст крапiвы. I тады прыпомнiлася, што яе многа расце на дарозе, дзе агароды пераходзяць у жытнiя засевы. А гэта было прывычнае, роднае, сярод чаго жылося, пакутавалася. I ўжо тады ад гэтага ў жанчыны з'явiлася да ўсяго шырокае пачуццё, i падумалася:
"От Павал прыедзе i пойдзе касiць, а я каля дома буду".
I затым, што было ўсё гэта звязана з тым дробным, што на кожным кроку ў жыццi, затым i з'явiўся ў жанчыны востры настрой. Хацелася гаварыць з усiмi аб усiм. I от пачала яна з нецярплiвасцю чакаць Паўла.
А пасля прыбегла да яе, засопшыся, Ганна, што служыла ўжо другi год у Мельгуновых, i пачала гаварыць, што Алесь паехаў у горад з Насцяю i што ў iх будзе вяселле. А пасля пачала гаварыць, як да яе, яшчэ да Насцi, прыставаў Алесь, усё гаварыў, што возьме замуж, i што цяпер лiха ведае што будзе.
- Ну, няўжо?! - узрадавалася Паўлава мацi.
- А ты як бы рада, - пакрыўдзiлася Ганна, - а ў твайго Паўла здароўе адабрала Насця. Ты думаеш, цётка, я не ведаю? Усе ведаюць! А я не змоўчу.
- Чаму?
- Таму!
- А што рабiць будзеш?
- На яго ў суд падам; усё роўна яму спакойна жыць, гаду, не дам.
- З Насцяю жыць?
- З Насцяю.
