Вясною дык пачалi ўсе гаварыць пра гэта, i тады ж Насця пачала хадзiць з Алесем Мельгуном. Паўлу не хацелася тады жыць, а пасля пачало праходзiць гэта ў яго, i ўжо цяпер толькi злосць на шчаслiвага Алеся Мельгуна, крыўда на тое, што сам ён ва ўсiм мiзэрны такi, што нават, калi што i было, як у добрых людзей, дык i то цяпер тыя ж самыя людзi праходу не даюць.

- Но! - гукае Павал на каня ў адказ на насмешныя словы Сёмкi Цераховiча з задняга воза; i гэта ў яго выходзiць па-балагольску:

- Ё, ё...

Ззаду з Сёмкам Цераховiчам едзе стары Тодар Дрозд - хiтры i самаўпэўнены. I яны пачынаюць удвух гаварыць мiж сабою.

"Мусiць, нарочна гэта яны так моцна, каб чуў я", - думае сярдзiта Павал i слухае:

- Бач, падла, едзе сабе з Алесем, усё роўна як з гаспадаром, а гэты Грыбок трухлявы ззаду аж млее, мусiць, бачачы. Куды яму, смаркачу, яшчэ было зачэпвацца з ёю, а яна чорт яе ведае нашто яго за нос цэлую зiму вадзiла. Цяпер ён аж кашляць пачаў з нуды.

Павал пазнае голас Сёмкi, i яму ўяўляецца яго сытая гадкая постаць, шырокi твар, увесь у вуграх, i здаровыя валасатыя кулакi. Паўлу хочацца саскочыць са свайго воза, схвацiць дзе-небудзь на дарозе камень ды даць iм з размаху ў голаў Сёмку, каб таму аж чэрап трэснуў. А пасля яшчэ большая нянавiсць да Тодара Дразда, калi той пачынае гаварыць:

- Яго, значыць, бацька многа грашыў на сваiм жыццi, вельмi ж баб многа мяняў, як у смалакурнi служыў, ды яшчэ хварэў чорт ведае чым, дык ад гэтага i Павал выйшаў гэтакi нядошлы, як гнiлы. А яшчэ рызыкуе, будучы гэтакiм смаркачом.

- Бач, бач, - радасна раптам перабiвае сам сябе Тодар, - дальбог жа вунь, лiха яму, прыцiснуў, здаецца, да сябе, ды як галубiць... Эй, ты там, Алесь, асцярожна, а ты, Павал, чаму не глядзiш?!



3 из 12