Вырасла раптам з цеменi каля воза высокая постаць Алеся Мельгуна.

"Будуць душу разварочваць", - са смуткам думае Павал.

- Ну, я пайду на свой воз, падрамлю трохi, - сказаў ён.

- Ча-чаго ты, дурны, што, з людзьмi пабыць не хочаш? - схапiў яго за плячо Алесь i сам сеў на воз да Тодара i Сёмкi i ўсцягнуў Паўла.

Павал зразу адчуў звярыную радасць Алеся Мельгуна ад таго, што вось ён сядзiць блiзка з тым чалавекам, над якiм так удалося яму ўзяць верх, не далажыўшы да гэтага многа старанняў. Гэта была радасць звера, радасць жывёлы, без думак, без жаданняў, тупая i нiкчэмная.

I яшчэ, з вялiкаю крыўдаю, адчуў Павал, што гэты вось самы Алесь Мяльгун зусiм нават не хоча нiчога кепскага яму; калi нават трэба будзе, дык паможа яму ад шчырасцi, хоць можа пасля i пасмяецца; што гэта не можа ён адчуць таго, што здзекуецца разам з гэтымi вось людзьмi над iм; што ён повен захаплення ад жыцця, ад здарэнняў, ад падзей, ад самога сябе i не прыкмячае таго, што мучыць другога.

I ў гэтым была вялiкая крыўда.

- Ну, я пайду, - зноў сказаў Павал.

- Куды ты спяшаеш, - схапiў яго за руку Сёмка, давай закурым.

- Я ж не куру.

- Затым, мусiць, цябе i бабы не любяць, што ты не курыш, - загаварыў Тодар. - Бабы, брат, любяць. Ого-го! Каб ты курыў, каб быў як дуб моцны i як агонь гарачы, каб быў упарты, цяжкi на руку...

- У Паўла якраз нiчога гэтага няма, - усмiхнуўся Алесь.

-Я ж к гэтаму i гавару, - абазваўся Тодар.

Тады Павал саскочыў з воза i загаварыў iм тром.

- Браткi мае! Ну, я ведаю, што вы гэткiя моцныя, а я - хворы, дык нашто ж вы гэта мне гаворыце? Што я вiнаваты, што я такi, а вы такiя? Нашто вы мне душу разварочваеце? Ну, не хачу я нiчога гэтага. Ну, Насця нада мною насмяялася, дык я не крыўдую, бо яна здаровая, а я хворы.



5 из 12