
А яны ўсе ўтрох тады зарагаталi. Рагаталi зычна, шчыра, весела. Рогат iх быў - жаданне, вольнае ад жыццёвых пут - шырокi, i затаiў ён у сабе сiлу грубой, навальнай i нiкчэмнай перамогi дзiкай, тупой сiлы над усiм слабейшым... Была ў рогаце гэтая перамога над слабым Паўлам, над усялякiмi дробнымi перашкодамi, якiх так многа, i перамагаць, змагацца з якiмi ёсць i ўся можа мэта i ўвесь сэнс жыцця. Не было ў рогаце радасцi, была адна сiла здаровая, як камень, цяжкая, як зямля.
Пачынаўся дзень, мусiць, бо шэраю стала вызначацца зямля. Сталi выяўляцца з цеменi далi, дарога больш вiдаць стала. Цi то гэта можа месяц больш выбiўся з-за хмар - там на даляглядзе жоўта пачало рабiцца. Зямля была бясконцым прасторам, якi зваў дыхаць вольнаю воляй.
Цi вёскi, цi лясы паднялiся белаватым i цёмным абрысам далёка, i ўсе вiднець пачалi.
Няйначай, гэта дзень пачынаўся.
Прыйшоў раптам вецер i адагнаў хмары за далёкiя лясы. Тады сонны месяц глянуў, каб развiтацца з зямлёй. Аблiў ён святлом сваiм, як плачам, дарогу, тры фурманкi i людзей на iх.
Наперадзе трос сытым задам конь Алеся Мельгуна, ззаду не адставалi два худзенькiя конiкi Паўла i Сёмкi. На пярэднiм возе гойдалася ў бакi постаць дзяўчыны. Была яна маленькая, тоўсценькая, галава, абкручаная белым тоўстым шалем, надавала ёй мажны выгляд.
