I постаць яе радавала вока. Месяц асвяцiў людзей на заднiм возе. Быў вясёлы Алесь Мяльгун, усмiхаўся ён шырока, таксама весела ўсмiхаўся, але з нейкай зайздрасцю, Сёмка Цераховiч. Тодар паблiскваў вачыма з-пад пасiвелых броваў на пажоўклым твары, ды хмуры Павал маўчаў, затаiўшы на дробным, вострым i худым твары жаданне дзе-небудзь дзецца ад гэтых людзей.

II

Насця паволi падганяла Алесевага каня, гукала часам на яго слаўным жаночым голасам. У чорным кароткiм каптане яна здавалася тоўсценькаю, порсткаю, i на твары яе гуляла журботная i вясёлая дзявочая задумёнасць, якою дзяўчына заўсёды вабiць да сябе. Яна адчувала, што пра яе гавораць на задняй фурманцы, i ў яе з'яўлялася хваляванне, што вось яна прымушае цэлую ноч гаварыць людзей, адных быць вясёлымi, другiх сумнымi.

Было адно ёй спачатку нядобра трохi перад Паўлам, з якiм неспадзявана давялося з'ехацца, выязджаючы вечарам з вулiцы. А пасля гэта прайшло, бо не ведала яна, што ў Паўла на душы. Успамiналася ёй, як яна зiмою дражнiла Паўла каханнем, думаючы, што ў Паўла, апроч гуллiвай вясёласцi, нiчога ад гэтага не будзе. I цяпер не ведала, што цяжка Паўлу бачыць яе, таксама як не ведаў, не думаў Алесь Мяльгун, што цяжка Паўлу ад кпiнаў.

Ды яшчэ трохi было сорамна дзяўчыне перад усiмi ўжо, што на Алесевым возе едзе яна, хоць i ведала, што ўсе гавораць аб iх блiзкасцi, ды яшчэ дагадвалася, што там, ззаду, ведаюць, што яны з Алесем едуць у горад купляць усё к свайму вяселлю. Ведала, што Сёмка з Тодарам едуць мяняць каня, а то вельмi ж ужо нядужы, стары i худы Сёмкаў конь. Не ведала адно Насця, што Павал едзе да доктара.

I былi ў яе настроi гуллiвыя i журботныя, радасныя. Ёй было весела ад таго, што дражнiлася яна зiмою каханнем з Паўлам, было трохi шкада яго, што ён вельмi ж моцна кашляе. Але ўсё было светла i добра. I ўжо зусiм затапляла ўсе пачуццi нявыказаная словамi вялiкая радасць, што вельмi ж вось падабаецца Алесь; што яны ўдваiх едуць на яго возе купляць, што iм патрэбна, што можа яна паклiкаць яго, здаровага, кплiвага над усiмi, i ён цiха прыйдзе да яе.



7 из 12