
- Я, мабыць, падымуся i пагавару з iм, - сказаў я на развiтанне сваёй субяседнiцы.
Асцярожна падышоўшы да кватэры 202, прыслухаўся. Цiшыня. Часу на роздум не было. Я нацiснуў на кнопку званка.
Накшталт трох удараў вопытнай машынiсткi па клавiшах, пачулiся тры пiсталетныя стрэлы. У дзвярах на ўзроўнi пояса з'явiлiся тры дзiркi.
Тры дзiркi ўпрыгожылi б i маю тоўстую скуру, калi б я не навучыўся шмат гадоў назад пры няпрошаных вiзiтах адступаць ад дзвярэй убок.
За дзвярыма пачуўся рэзкi i ўладны мужчынскi голас:
- Кiнь! Не прыдурвайся!
Жанчына брыдка вылаялася крыўдлiва-злосным пранiзлiвым голасам.
Яшчэ дзве кулi прадзiравiлi дзверы.
- Даволi! Хопiць! - ужо спалохана крыкнуў мужчына.
Зноў азвярэлая лаянка жанчыны. Шум барацьбы. Стрэл гэтым разам не ў дзверы.
Я садануў нагой па дзвярах i высадзiў iх.
На падлозе ў кватэры змагалiся мужчына (Квэйл) i жанчына. Ён трымаў яе за рукi, iмкнучыся падмяць пад сябе. Яна сцiскала ў руцэ пiсталет, з якога вiўся яшчэ струменьчык дыму.
Адным скачком я махнуў да iх i вырваў у яе пiсталет.
- Перастаньце! - крыкнуў я, адышоўшы ўбок. - Хопiць поўзаць па падлозе, час падымацца i сустракаць гасцей.
Квэйл адпусцiў яе, i ў гэты момант яна драпнула яго доўгiмi вострымi пазногцямi, распаласаваўшы шчаку. Ён на карачках адпоўз ад яе, i абое паднялiся на ногi.
Ён, цяжка дыхаючы i прыцiскаючы насавую хустачку да акрываўленай шчакi, адразу ж сеў на крэсла.
Яна, упёршы рукi ў бокi, стала пасярод пакоя i злосна ўтаропiлася на мяне.
- Ну, што? - выпалiла яна. - Думаеце, мы вас спалохалiся?
Я засмяяўся - я зараз мог сабе гэта дазволiць.
- Калi ваш татачка не з'ехаў з глузду, - адказаў я ёй, - дык, я толькi вы вернецеся, ён возьме тоўстую папружку i сам пачне палохаць вас. Вясёленькi жарцiк вы з iм сыгралi!
- Добра вам гаварыць! Пажылi б з iм ды нацярпелiся б, як я, самi выдурылi б з яго грошы i збеглi б куды вочы глядзяць.
