
Я змоўчаў. Прыгадаўшы сёе-тое з дзелавой практыкi Харвi Гейтвуда прынамсi, яго ваенныя кантракты, якiмi ўсё яшчэ займалася мiнiстэрства юстыцыi, - я зразумеў простую рэч: горшае, што можна сказаць пра Одры, татава дачка.
- А як вы нас вынюхалi? - пацiкавiўся Квэйл.
- Давялося папацець, - адказаў я. - Па-першае, сяброўка Одры бачыла яе на Маркет-стрыт памiж васьмю з чвэрцю i без чвэрцi дзевяць у той вечар, калi яна знiкла, а на лiсце Гейтвуду стаяў штэмпель "9 гадзiн вечара". Надта шустрая работа. Варта было б i пачакаць трохi. Хутчэй за ўсё, яна апусцiла яго ў скрынку, калi iшла сюды. Так?
Квэйл хiтнуў галавой.
- Па-другое, - расказваў я далей, - тэлефонны званок. Яна ведала, што хутчэй як за дзесяць - пятнаццаць хвiлiн у кантору да бацькi не датэлефануешся. I калi яна ўжо здолела прытупiць на час пiльнасць выкрадальнiкаў i дабрацца да тэлефона, дык не стала б чакаць, пакуль ён падыдзе, а расказала б сваю гiсторыю першаму, хто ўзяў слухаўку, хутчэй за ўсё тэлефанiстцы камутатара. Было вiдаць, што яна хацела не толькi падкiнуць нам версiю пра Туiн-Пiкс, але i збiць трохi пыху са свайго старога. Калi пасля таго як выкуп быў заплачаны, Одры так i не з'явiлася, мне стала зразумела, што яна выкрала сама сябе. Калi б яна з'явiлася цяпер дома, мы б яе хутка раскалолi, ды яна i сама гэта разумела. А ўсё астатняе вельмi проста - мне пашэнцiла. Калi знайшлося кiнутае жаночае адзенне, стала вiдавочна, што з ёю працуе мужчына, а iнтуiцыя падказала мне ў дадатак, што iншых хаўруснiкаў у iх няма. Потым я здагадаўся, што ёй спатрэбiцца адзенне: з дому, не выклiкаўшы падазрэння, шмат не возьмеш, а загадзя яна хутчэй за ўсё нiчым не запаслася. Сама ў краму яна выйсцi не магла - надта многа ў яе сябровак, i вельмi проста было сутыкнуцца з кiм-небудзь з iх у любым гандлёвым цэнтры. Дык чаму б не паслаць партнёра - няхай купiць усё, што трэба! I ўявi сабе, купiў, прытым паказаў сябе настолькi лянiвым, а можа, столькi ўсяго-ўсялякага накупляў, што пакiнуў свой адрас, каб адправiлi гэта з пасыльным. Вось i ўся гiсторыя.
