Прачытаўшы лiст, Гейтвуд адразу ж патэлефанаваў дадому: высветлiлася, што Одры начаваць не прыходзiла i нiхто са служанак не бачыў яе з учарашняга вечара. Ён паведамiў пра гэта ў палiцыю, пераслаў iм лiст, а потым, падумаўшы, вырашыў звярнуцца яшчэ i ў прыватнае дэтэктыўнае агенцтва.

- А цяпер, - рыкнуў ён (да гэтага часу мне ўдалося нарэшце выцягнуць з яго ўсе патрэбныя мне звесткi i зрабiць для сябе выснову, што нi пра знаёмых дачкi, нi пра яе звычкi ён i ведаць нiчога не ведае), - хопiць строiць дурня! Я вам плачу не за размовы!

- Што вы збiраецеся рабiць? - спытаўся я.

- Што? Пасадзiць гэтых сукiных сыноў за краты! Нават калi давядзецца патрацiць на гэта ўсё да апошняга цэнта!

- Зразумела! Але спярша падрыхтуйце пяцьдзесят тысяч, каб аддаць выкрадальнiкам, калi тыя iх патрабуюць.

Сцiснуўшы зубы, ён злосна ўтаропiўся на мяне.

- Я нiколi ў жыццi не скакаў пад чужую дудку! I мне ўжо вучыцца гэтаму позна! - сказаў ён. - А вось яны ў мяне паскачуць!

- Баюся, што вашай дачцэ тады не паздаровiцца. I нават калi вам напляваць на яе, усё роўна заплацiць неабходна. Пяцьдзесят тысяч - гэта не банкроцтва, i заплацiўшы iх, вы нам толькi паможаце. Па-першае, у нас з'явiцца шанц схапiць тых, хто прыйдзе па грошы, або, ва ўсякiм выпадку, устанавiць за iмi назiранне. А па-другое, калi вам вернуць дачку, дык, якiя б яны нi былi асцярожныя, мы ўсё-такi нешта карыснае ад яе даведаемся.

Ён з гневам страсянуў галавой, i ў мяне прапала ахвота размаўляць з iм. Я пайшоў, спадзеючыся, што ён яшчэ адумаецца i не забудзе маёй парады.

Асабняк Гейтвуда кiшэў ад слуг i служанак: дварэцкiх, малодшых дварэцкiх, шафёраў, кухараў, пакаёвак, прачак, судамыек i мноства iншых слуг для самых розных патрэб - такой плоймы хапiла б на абслугу цэлага гатэля.



2 из 16