
Усё, што я ад iх пачуў, зводзiлася да наступнага: дачцэ Гейтвуда нiхто не тэлефанаваў, тэлеграм або пасланняў з пасыльным - так здаўна выманьваюць ахвяру з дому - яна не атрымлiвала. А пакаёўцы сказала, што вернецца праз гадзiну цi дзве. Тое, што яна не начавала дома, пакаёўку не ўстрывожыла.
Одры, адзiнае дзiця ў сям'i, пасля смерцi мацi жыла так, як хацела. Згоды з бацькам у яе не было, i не дзiўна, бо, вiдаць па ўсiм, яны два боты пара, i ён звычайна не цiкавiўся, дзе яна i што робiць. I калi не прыходзiла начаваць дадому, нiкому пра гэта не дакладвала.
Выглядала яна значна старэйшай за свае дзевятнаццаць гадоў. Мне апiсалi яе так: статная i высокая (рост пяць футаў i пять дзюймаў), заўсёды бледная i нервовая, вочы блакiтныя, валасы - густыя каштанавыя. Мяркуючы па фотаздымках, якiя былi ў мяне, у яе вялiкiя вочы, маленькi правiльны носiк i востры падбародак.
Прыгожай назваць яе нельга, але на адным фотаздымку, дзе ўсмешка разгладзiла змрочныя складкi ля рота, яна выглядала нават прывабнай.
Напярэдаднi вечарам, перад тым як яна пайшла з дому, на ёй была светлая цвiдавая спаднiца i такая ж самая жакетка з бiркамi лонданскага краўца, жоўтая шаўковая блузка ў карычневую палоску, карычневыя ваўняныя панчохi, карычневыя туфлi на нiзкiм абцасе i просты фетравы капялюшык шэрага колеру.
Я падняўся наверх - яна займала тры пакоi на чацвёртым паверсе - i агледзеў яе асабiстыя рэчы. Знайшоў мноства фотаздымкаў (мужчыны розных узростаў, нейкiя маладзёны i дзеўчынёхi) i вялiкую вязку лiстоў, большасць якiх былi даволi непрыстойныя; разнастайнасць iмёнаў i прозвiшчаў у канцы лiстоў здзiўляла. Я ўважлiва перапiсаў адрасы.
Нiчога з таго, што сведчыла б пра выкраданне, я не знайшоў, але, хто ведае, раптам якое-небудзь iмя цi адрас навядуць на след? Ды i яе сябры маглi падкiнуць нам карысную iнфармацыю.
