Была там i прыпiска:

"Майце на ўвазе, што сёй-той купiць яе нават у тым выпадку, калi мы з ёю пакончым".

Запiска дачкi была надрапана няроўным почыркам на такой самай паперы i, вiдавочна, тым самым алоўкам:

Татачка!

Прашу цябе, зрабi ўсё, чаго яны патрабуюць! Мне вельмi страшна.

Одры.

Дзверы ў другiм канцы пакоя адчынiлiся, i ў iх з'явiлася галава.

- О'Гар! Тоўд! Толькi што тэлефанаваў Гейтвуд. Неадкладна iдзiце ў яго кантору.

Мы ўчацвярых выскачылi з будынка суда i кiнулiся да машыны. Калi, з цяжкасцю расштурхаўшы натоўп нахлебнiкаў, мы дабралiся да Гейтвуда, ён бегаў па кабiнеце як апараны. На твары, барвовым ад узбуджэння, гарэлi шалёныя вочы.

- Яна толькi што тэлефанавала! - закрычаў ён, убачыўшы нас. Некалькi хвiлiн пайшло на тое, каб прымусiць яго расказаць усё па парадку.

- Яна патэлефанавала мне. Сказала: "Татачка! Зрабi што-небудзь! Я больш не магу... Яны мяне заб'юць!" Я спытаў: "Дзе ты?" Яна адказала: "Не ведаю, але з акна вiдаць Туiн-Пiкс. Iх чацвёра - трое мужчын i жанчына, i..." Тут я пачуў, як хтосьцi вылаяўся, i мне здалося, што яе стукнулi, i нас абарвалi. Я спрабаваў даведацца на цэнтральнай станцыi, адкуль тэлефанавалi, але яны, бачыце, не ведаюць! Хiба можа так працаваць тэлефонная сетка! Мала мы iм плацiм? А за што?!

О'Гар падрапаў патылiцу i адвярнуўся.

- З акна вiдаць Туiн-Пiкс. Але ж ён вiдаць з сотняў дамоў!

Тым часам Гейтвуд скончыў лаяць тэлефонную службу i, каб звярнуць на сябе нашу ўвагу, застукаў па стале прэс-пап'е.

- А вы хоць што-кольвек даведалiся? - спытаў ён.

- А вы падрыхтавалi грошы? - адказаў я пытаннем на пытанне.

- Не, - адказаў ён. - Рабаваць сябе я нiкому не дам!

Але сказаў ён гэта па iнерцыi, без ранейшай упэўненасцi: пасля размовы з дачкой упартасцi ў яго паменела. Вiдаць, цяпер яму час ад часу пачалi ў галаву прыходзiць думкi i пра бяспеку дачкi.



5 из 16