
Тут мы як след на яго нацiснулi, i праз некалькi хвiлiн ён паслаў клерка па грошы.
Потым мы дамовiлiся, што будзем рабiць далей. Тоўд павiнен быў узяць некалькiх палiцэйскiх з упраўлення i прачасаць раён Туiн-Пiкс, хоць, зрэшты, асаблiвай надзеi на поспех у нас не было - надта ж вялiкая тэрыторыя.
Ласку i О'Гару трэба было асцярожна пазначыць дастаўленыя з банка купюры i пасля, стараючыся не прыцягваць да сябе ўвагi, быць як можна блiжэй да Гейтвуда. Мне выпала дзяжурыць у гейтвудскiм асабняку.
Выкрадальнiкi далi зразумець Гейтвуду, што грошы яны хочуць атрымаць па першым патрабаваннi, таму часу на роздум i выпрацоўку контрпланаў у яго не будзе.
Акрамя таго, мы вырашылi, што Гейтвуду трэба звязацца з газетамi i перадаць iм тую iнфармацыю, якая ў яго была, а заадно i аб'яву пра ўзнагароду - дзесяць тысяч даляраў, якую ён прапаноўвае таму, хто паможа злавiць выкрадальнiкаў; усё гэта пойдзе ў друк адразу ж пасля таго, як дачка будзе на волi, - так мы зможам больш аператыўна выкарыстаць прэсу, не падводзячы палоннiцу пад небяспеку.
Пра гэта выкраданне была папярэджана палiцыя ўсiх суседнiх гарадоў: гэта мы зрабiлi яшчэ да таго, як патэлефанавала дачка Гейтвуда i стала вiдавочна, што яе хаваюць у Сан-Францыска.
Вечарам у доме Гейтвуда нiчога выключнага не адбылося. Гаспадар вярнуўся дадому рана; пасля вячэры ён бегаў туды-сюды па сваiм кабiнеце, пiў вiскi i час ад часу пытаўся, цi ўмеем мы, дэтэктывы, рабiць што-небудзь акрамя таго, што сядзець, як iдалы. О'Гар, Ласк i Тоўд дзяжурылi на вулiцы, назiраючы за домам i прылеглым раёнам.
Апоўначы Харвi Гейтвуд пайшоў спаць. Я адмовiўся ад зручнага ложка i ўладкаваўся ў кабiнеце на канапе, побач з тэлефонам - паралельны апарат быў у спальнi Гейтвуда.
А палове трэцяй ранiцы тэлефон зазванiў. Гейтвуд зняў слухаўку. Я слухаў затаiўшы дыханне.
