
Наш план не вылучаўся асаблiвай хiтрасцю, бо за час, якi быў у нас, лепшага i не прыдумаеш; галоўнае, не спалохаць таго, хто прыйдзе па грошы. З тэлефоннай размовы дачкi з бацькам вынiкала, што выкрадальнiкi людзi адчайна смелыя, i, пакуль яна заставалася ў iх, нам нельга рызыкаваць, ганяючыся за iмi адкрыта.
Ледзь мы паспелi дамовiцца, як Гейтвуд выйшаў з дому i, засунуўшы рукi ў кiшэнi палiто, пайшоў па вулiцы.
Наперадзе, ледзь бачны, iшоў, пахiстваючыся i мармычучы нешта сабе пад нос, Ласк. Больш на вулiцы нiкога не было. Давялося адпусцiць Гейтвуда на некалькi кварталаў наперад: iнакш я рызыкаваў сутыкнуцца нос у нос з тым, хто прыйдзе па грошы. Адзiн палiцэйскi iшоў следам за мной па другiм баку вулiцы, адстаўшы на паўквартала.
Праз два кварталы мы сустрэлi дзябёлага чалавека ў кацялку. Ён мiнуў Гейтвуда, мяне i знiк за рогам вулiцы.
Прайшлi яшчэ тры кварталы.
Вялiкi чорны аўтамабiль з апушчанымi шторкамi абагнуў нас i паiмчаўся прэч. Магчыма, выкрадальнiкi прынюхвалiся. Не вымаючы рук з кiшэняў плашча, я надрапаў яго нумар у блакноце.
Яшчэ тры кварталы засталiся ззаду.
Нам сустрэўся палiцэйскi, якi, вiдавочна, i не падазраваў, што робiцца ў яго пад носам, а пасля праехала таксi з адным пасажырам. Нумар таксi я запiсаў таксама. На ўсякi выпадак.
Яшчэ чатыры кварталы перада мной маячыў толькi Гейтвуд - Ласка я ўжо не бачыў.
Раптам прама перад носам Гейтвуда з пад'езда выйшаў мужчына i, спынiўшыся на тратуары, пачаў некаму крычаць, каб адчынiлi дзверы.
Мы iшлi далей.
Невядома адкуль на тратуары, за пяцьдзесят футаў ад Гейтвуда з'явiлася жанчына, якая прыцiскала да твару насавую хустачку. Хустачка ўпала на брук.
