
Гейтвуд спынiўся як укапаны. Я бачыў, як тарганулася яго правая рука, якою ён, вiдавочна, сцiскаў у кiшэнi пiсталет.
Напэўна, не менш як паўхвiлiны ён стаяў не варушачыся. Потым паволi дастаў левую руку з кiшэнi, i прама перад iм на тратуар упаў скрутак з грашыма. Ён рэзка павярнуўся i пайшоў назад.
Жанчына падняла насавую хустачку. потым падбегла да скрутка i, схапiўшы яго, кiнулася да блiжэйшага завулка - на шчасце, ён быў за два крокi адгэтуль. Высокая i сутулая, яна з ног да галавы была апранута ў чорнае.
Праз некалькi хвiлiн яна знiкла ў цёмным завулку. Пакуль Гейтвуд i жанчына стаялi насупраць, мне давялося запаволiць крок, i цяпер я быў далекавата ад таго месца. Як толькi жанчына знiкла з вачэй, я стрымгалоў кiнуўся ў пагоню.
Калi я дабег да вугла, у завулку нiкога не было.
Гэты завулак злучаў Клей-стрыт з паралельнай вулiцай, але я ведаў, што жанчына не магла дабегчы ў другi канец за той час, пакуль я iмчаўся да яго. Зараз я, вядома, растаўсцеў, але квартал-другi яшчэ магу прабегчы з добрым iмпэтам. З абодвух бакоў нема i загадкава на мяне глядзелi дзверы жылых дамоў.
Падышоў шпег, якi iшоў за мной назiркам, пад'ехалi О'Гар i Тоўд, а неўзабаве з'явiўся i Ласк. О'Гар з Тоўдам, не трацячы марна часу, пайшлi прачэсваць суседнiя вулiцы. Ласк i агент у цывiльным занялi месца на скрыжаваннях - кожны трымаў пад наглядам дзве вулiцы з чатырох, якiя, перасякаючыся, утваралi перыметр квартала.
Я прайшоў па завулку, вышукваючы незачыненыя дзверы, расчыненае акно або пажарную лесвiцу, якую магла выкарыстаць злачынка.
Усё дарэмна!
Пад'ехалi О'Гар з падмацаваннем i Гейтвуд.
Гейтвуд задыхаўся ад шаленства.
- Зноў праваронiлi! Вашаму iдыёцкаму агенцтву я не заплачу нi цэнта i пра палiцэйскiх дэтэктываў таксама паклапачуся - у будучым iх будуць пасылаць толькi на пешае патруляванне вулiц!
- Як выглядала жанчына? - спытаў я.
- Не ведаю! Я быў упэўнены, што вы дзесьцi паблiзу i не ўпусцiце яе! Сутулая старая - ва ўсякiм разе, мне так здалося, але твару за вуаллю я не разгледзеў. Не ведаю! А вы ж усе, д'ябал вас бяры, дзе гультайнiчалi? Ну i работнiчкi...
