
Вецер сцiхнуў на некалькi хвiлiн, i дым, якi хуткiмi парывамi гойсаў па прычале, памiж нагрувашчвання жалезных канструкцый, на iмгненне супакоiўся. Нерухомыя вялiзныя шматкi дыму здавалiся Майету шэрымi намётамi качэўнiкаў, калi ён iшоў па слоце. Ён забыўся на тое, што яго замшавыя чаравiкi зусiм сапсавалiся, што нахабны афiцэр мытнi прычапiўся да дзвюх яго шаўковых пiжам. Ад нахабства гэтага афiцэра, ад яго пагарды, ад здзеклiвых шэптаў: "Juif, juif"*, ён хаваўся ў засенi тых вялiзных намётаў. Тут на момант ён адчуў сябе нiбыта дома: цяпер, каб падтрымаць бадзёрасць духу, яму ўжо не трэба было думаць нi пра сваё дарагое футра, нi пра модны гарнiтур, пашыты на Сэвiл-роўд, нi пра свае грошы, нi пра высокае становiшча ў фiрме. Але калi ён наблiзiўся да цягнiка, вецер iзноў узняўся, намёты з дыму паразвейвалiся, i ён апынуўся зноў у самым цэнтры варожага свету.
* Жыд, жыд (фр.).
Аднак Майет з удзячнасцю падумаў, што за грошы можна шмат чаго купiць. Праўда, за iх не заўсёды купiш ветлiвасць i далiкатнасць, але ж хуткасць яны яму ўсё-такi забяспечылi. Ён першы прайшоў агляд на мытнi i да прыходу астатнiх пасажыраў паспеў дамовiцца з кандуктарам наконт асобнага купэ. Ён цярпець не мог распранацца пры чужых людзях, хоць i разумеў, што дамоўленасць наконт асобнага купэ будзе каштаваць яму болей, чым iншым, бо ён быў жыд: тут не абыдзешся проста просьбай i невялiкiмi чаявымi.
