
Кандуктар, як ён i меркаваў, быў няветлiвы. "Цягнiк перапоўнены", пахмурна буркнуў ён, хоць Майет ведаў, што той гаворыць няпраўду. Яшчэ не сезон - у красавiку заўсёды ёсць шмат свабодных месцаў, i на пароме ён заўважыў толькi некалькi пасажыраў першага класа. Пакуль ён спрачаўся з кандуктарам, у калiдор вагона працiснулася зграя турыстаў: пажылыя лэдзi трымалi ў руках шалi, пледы i прыгожа аформленыя даведнiкi, стары святар скардзiўся, што некуды засунуў i не можа знайсцi "Уайд Уорлд Мэгэзiн": "Калi падярожнiчаю, я заўсёды чытаю "Уайд Уорлд Мэгэзiн"; а замыкаў натоўп турыстаў спатнелы i звыклы з усялякiмi перыпетыямi падарожжа гiд са значком турысцкага агенцтва. "Volia"*, - сказаў кандуктар i жэстам паказаў, што ў цягнiку надзвычайная колькасць пасажыраў. Аднак Майета нельга было так лёгка абвесцi вакол пальца - ён добра ведаў гэты маршрут. Кампанiя турыстаў, мяркуючы па iх узбуджаным выглядзе, пройдзе ў наступны вагон, якi накiроўваецца ў Афiны. Калi Майет павялiчыў чаявыя ўдвая, кандуктар здаўся i наляпiў на дзверы купэ паперку: "Месца занятае". Уздыхнуўшы з палёгкi, Майет нарэшце застаўся адзiн.
* Вось бачыце (фр.).
Мiма праплывалi твары, ад якiх яго аддзяляла выратавальная браня шкла. Нават тоўстае футра не баранiла яго ад холаду i сырасцi, а калi ён павярнуў ручку ацяплення, шыба акна затуманiлася ад яго дыхання, i неўзабаве ён мог распазнаваць невыразныя рысы тых, хто праходзiў па пероне за вагонным акном: сярдзiты позiрк вока, ружавата-лiловая шаўковая сукенка, каўнер святара.
