Дж. К. Роўлінг

Гары Потэр і Філасофскі Камень



— РАЗДЗЕЛ I —

Хлопчык, які выжыў



Містэр і місіс Дурслі, што жылі ў доме нумар 4 па Прайвет Драйв, вельмі ганарыліся тым, што могуць у любы час заявіць, што яны нармальныя людзі. Немагчыма было ўявіць, такія людзі маглі быць замяшаныя ў чымсьці незвычайным, а ўжо тым больш загадкавым:  яны цярпець не маглі ўсялякіх дзівацтваў.

   Містэр Дурслі, буйны мясісты мужчына, у якога амаль цалкам адсутнічала шыя, а пад носам раслі вельмі доўгія вусы, працаваў дырэктарам фірмы пад назвай Гранінгс, якая вырабляла дрылі. Місіс Дурслі, худая бландынка вельмі вялікай шыяй, любіла зазіраць за чужыя платы і шпіёніць за суседзямі. У іх быў маленькі сын, якога звалі Дадлі - па меркаванні бацькоў, у свеце яшчэ не нараджалася дзіця больш цудоўнае.

   У гэтай сям’і было ўсё, чаго толькі можна пажадаць. Але быў у іх і адзін сакрэт. Прычым больш за ўсё на свеце яны баяліся, што хто-небудзь пра яго даведаецца. Дурслі нават уявіць сабе не маглі, што з імі будзе, калі хтосьці дазнаецца праўду пра Потэраў. Місіс Потэр была сястрой місіс Дурслі, але яны не сустракаліся ўжо некалькі гадоў. Місіс Дурслі нават рабіла выгляд, што ў яе няма ніякай сястры, бо сястра і яе нікчэмны муж былі поўнай супрацьлегласцю сям’і Дурслі.

   Дурслі ўздрыгвалі ад адной думкі пра тое, што сказалі б суседзі, калі б Потэры з'явіся ў іх на вуліцы. Дурслі ведалі, што ў Потэраў таксама ёсць маленькі сын, але яны яго ніколі не бачылі. І яны катэгарычна не жадалі, каб іх Дадлі меў зносіны з дзіцем такіх бацькоў.

  Калі ў аўторак містэр і місіс Дурслі прачнуліся сумнай шэрай раніцай - таго дня, калі пачынаецца наша гісторыя – нішто, уключна з пахмурным небам за вакном, не прадвяшчала, што па ўсёй краіне адбудуцца таямнічыя, загадкавыя падзеі. Містэр Дурслі нешта спяваў сабе пад нос, завязваючы самы жудасны гальштук, а місіс Дурслі паспешліва пераказвала ўчорашнія плёткі, адначасова ўпіхваючы Дадлі ў высокае дзіцячае крэсла.



1 из 245