- Уставай! Уставай! Хутка!

Гары так і падскокнуў у ложку. Цётка забарабаніла ў дзверы.

- Уставай! - галасіла яна. Гары пачуў, як яна прайшла ў кухню і бразнула патэльняй па пліце. Ён перакаціўся на спіну і паспрабаваў успомніць сон, які толькі што бачыў. Добры сон. У сне ён лётаў на матацыкле. Падаецца, аднойчы яму ўжо снілася штосьці падобнае.

Цётка зноў апынулася за дзвярамі.

- Ну што, ужо ўстаў? - грозна прагукала яна.

- Амаль што, - адказаў Гары.

- Варушыся, мне трэба, каб ты прыгледзеў за беконам. І глядзі, каб ён не прыгарэў - у дзень нараджэння Дадлі ўсё павінна быць ідэальна.

Гары прамармытаў штосьці невыразнае.

- Што ты сказаў? - рэзкім голасам перапытала цётка Пятуння з-за дзвярэй.

- Нічога, нічога.

У Дадлі дзень нараджэння - як гэта ён мог забыць? Гары сонна вываліўся з ложку і прыняўся шукаць шкарпэткі. Яны былі пад ложкам і, прагнаўшы павука, Гары надзеў іх. Ён не баяўся павукоў, ён даўно звыкся з імі - у каморы пад лесвіцай было шмат павукоў, а менавіта там Гары спаў.

Апрануўшыся, ён пайшоў праз хол на кухню. Стол амаль цалкам хаваўся пад скрынкамі і скруткамі. Мяркуючы па ўсім, Дадлі, як і жадаў, атрымаў у падарунак новы камп’ютар, не кажучы ўжо пра другі тэлевізар і гоначны веласіпед. Навошта Дадлі гоначны веласіпед, заставалася загадкай для Гары, бо Дадлі быў страшэнна тоўсты і ненавідзеў спорт - акрамя, хіба што, барацьбы, калі гаворка ішла аб тым, каб уляпіць каму-небудзь. Любімай баксёрскай грушай Дадлі быў Гары, праўда, каб гэта выкарыстаць, апошняга трэба было спачатку злавіць. Хоць гэтага і не скажаш па знешнім выглядзе, але Гары вельмі хутка бегаў.

Незразумела чаму - магчыма, гэта было неяк звязана з жыццём у цёмнай каморы - Гары заўсёды быў занадта маленькім і худым для свайго ўзросту. А выглядаў яшчэ менш і худзей, з-за таго, што яму прыходзілася даношваць за Дадлі старую вопратку, а Дадлі раза ў чатыры пераўзыходзіў Гары па ўсіх параметрах.



17 из 245