У любым іншым месцы, але толькі не тут, можна было чакаць загадкавых і дзіўных падзей. Гары Потэр зварузнуўся ў коўдры, але не прачнуўся. У маленькай далоньцы ён сціскаў ліст, што ляжаў побач, і моцна спаў, не ведаючы, што ён асаблівы; не здагадваючыся, што ён знакаміты; не прадчуваючы, што праз некалькі гадзін ён прачнецца ад ляманту місіс Дурслі, якая выйдзе на ганак з малочнымі бутэлькамі; не маючы ні найменшага ўяўлення пра тое, што наступныя некалькі тыдняў яго бесперапынна будзе піхаць і шчыкаць стрыечны брат Дадлі… Ён не ведаў, што ў гэты самы час людзі, якія сабраліся па ўсёй краіне на таемныя святы, падымаюць куфлі і прамаўляюць прыглушанымі галасамі: "За Гары Потэра - хлопчыка, які выжыў!"



— РАЗДЗЕЛ II —

Зніклае шкло



Амаль дзесяць гадоў мінула з таго часу, як Дурслі прачнуліся рана раніцай і знайшлі на ганку ўласнага дома ўласнага пляменніка, а Прайвет Драйв зусім не змянілася. Сонца, устаўшы раніцай, асвятляла ўсё той жа акуратны садок, запальвала бронзавым святлом шыльду з нумарам чатыры на ўваходных дзвярах іх дома, забіралася ў гасціную, якая абсалютна не змянілася з тых часоў, як містэр Дурслі глядзеў па тэлевізары лёсавызначальную праграму навін пра соў. Адны толькі фатаграфіі на каміннай паліцы дазвалялі зразумець, як шмат вады ўцякло. Дзесяць гадоў таму тут стаялі дзесяткі здымкаў нечага, падобнага да вялікага ружовага мячыка ў разнакаляровых чэпчыках - але Дадлі Дурслі ужо не быў немаўляткам, і зараз з фатаграфій глядзеў укормлены светлагаловы хлопчык, які упершыню садзіцца на веласіпед, катаецца на каруселі, гуляе на камп’ютары з татам, якога абдымае і цалуе маці. У пакоі не было ніякіх прыкмет прысутнасці ў сям'і яшчэ аднаго дзіцяці.

І усё жа Гары Потэр па-ранейшаму жыў тут. У гэты момант ён спаў, але спаць яму заставалася нядоўга. Цётка Пятуння ўжо ўстала, і ейны голас стаў для Гары першым гукам надыходзячага дня:



16 из 245