
Наступнай раніцай, калі Гары выйшаў да сняданку, у кухні стаяў агідны пах. Крыніцай смуроду аказалася вялікае цынкавае карыта, якое стаяла на ракавіне. Ён падышоў паглядзець. У шэрай вадзе плавала штосьці, падобнае на брудныя палавікі.
- Што гэта? - спытаў ён у цёткі Пятунні. Вусны яе сціснуліся, як, зрэшты, і заўсёды, калі ён адважваўся задаваць пытанні.
- Твая новая школьная форма, - адказала яна.
Гары яшчэ раз паглядзеў у карыта.
- Ой, - сказаў ён, - я і не ведаў, што яна павінна быць такая мокрая.
- Не прыкідвайся ідыётам, - раззлавалася цётка Пятуння. - Я перафарбоўваю для цябе старыя рэчы Дадлі ў шэры колер. Каб было як ва ўсіх.
Гары моцна сумняваўся, што ва ўсіх будзе менавіта так, але вырашыў не спрачацца. Ён сеў за стол і пастараўся не думаць аб тым, як будзе выглядаць першага верасня, калі пойдзе ў "Хай Камеронс" - пэўна, так, як быццам напяліў старую сланоўю скуру.
Увайшлі Дадлі з дзядзькай Вернанам і грэбліва зморшчылі насы з-за паху, які ішоў ад новай школьнай формы Гары. Дзядзька Вернан, як заўсёды, разгарнуў газету, а Дадлі стаў барабаніць па стале Вонінгсавай палкай, якую зараз паўсюль цягаў за сабою.
Ад уваходных дзвярэй даняслася пстрычка, што азначала, што паштальён адкрыў паштовую шчыліну, і, праз секунду, гук ад некалькіх лістоў, што ўпалі на падлогу.
- Прынясі пошту, Дадлі, - загадаў дзядзька Вернон з-за газеты.
- Хай Гары прынясе.
- Прынясі пошту, Гары.
- Хай Дадлі прынясе.
- Ткні яго палкай, Дадлі.
Гары ўвярнуўся ад палкі і пайшоў за поштай. На падлозе ляжалі тры прадметы: паштоўка ад Мардж, сястры дзядзькі Вернана, якая адпачывала на выспе Уайт, карычневы канверт, хутчэй за ўсё, з рахункамі, і - ліст для Гары.
