Гары імкнуўся праводзіць па магчымасці больш часу па-за межамі дома, ён блукаў па наваколлі і думаў аб пачатку новага навучальнага года, які нёс з сабою слабы праменьчык надзеі. Калі наступіць верасень, Гары пайдзе ўжо не ў пачатковую, а ў сярэднюю школу і да таго ж, у першы раз у сваім жыцці, без Дадлі. Дадлі залічылі ў прыватную школу пад назовам "Вонінгс", куды калісьці хадзіў дзядзька Вернан. Туды ж накіроўваўся і Пірс Полукіс. А Гары запісалі ў "Хай Камеронс", раённую агульнаадукацыйную школу. Дадлі лічыў, што гэта вельмі смешна.

- У "Хай Камеронс" у першы дзень усіх засоўваюць галавой ва ўнітаз, - сказаў ён неяк Гары, - жадаеш пойдзем наверх патрэніруемся?

- Не, дзякуй, - адказаў Гары, - у наш бедны ўнітаз яшчэ не трапляла нічога горш за тваю галаву – яму будзе млосна, - і ўцёк раней, чым да Дадлі дайшоў сэнс сказанага.

Аднойчы ў ліпені цётка Пятуння разам з Дадлі адправілася ў Лондан купляць форму, якую насілі вучні "Вонінгса", а Гары застаўся ў місіс Фігг. У яе было не так жудасна, як раней. Як высветлілася, місіс Фігг зламала нагу, зачапіўшыся за адну са сваіх кошак, і гэта некалькі паменшыла яе захапленне жывёлінамі. Яна дазволіла Гары паглядзець тэлевізар і нават дала кавалачак шакалада – праўда, па смаку лёгка можна было зразумець, што плітка ляжала у місіс Фігг ужо некалькі гадоў.

У той жа вечар у гасцінай Дадлі дэманстраваў новую, з іголачкі, форму. У "Вонінгсе" хлопчыкі насілі барвовыя пінжакі, памаранчавыя брыджы і плоскія саламяныя шапкі пад назвай "канацье". Акрамя таго, ім належалі гузаватыя палкі, каб стукаць адзін аднаго, калі настаўнік за імі не назірае. Лічылася, што гэта дае карысныя для дарослага жыцця здольнасці.

Гледзячы на новыя брыджы сына, дзядзька Вернан надламаным голасам вымавіў, што гэта самы ўрачысты момант у яго жыцці. Цётка Пятуння расплакалася і скрозь слёзы сказала, што проста не можа паверыць, што бачыць перад сабою яе любага Мышку-Дадлі, ён такі прыгожы і сталы. Гары не адважыўся нічога сказаць. Ён і так баяўся, што зламаў пару рэбраў, стрымліваючы рогат.



27 из 245