— Ты… дадому бяжы! Ты малы яшчэ… — трывожна зашаптаў Радж, балюча сціснуўшы Янга за локаць. — І маму вядзі адсюль!

— Ай, — вырваўся Янг. Не мог ён у гэтыя хвіліны кінуць і Раджа, і ўсіх сваіх. Не мог не пабачыць, як спужаюцца злыя духі, пачнуць — боўць, боўць! — кідацца ў ваду, плысці на сваю баржу.

«Па-ах!!! Ш-ш-ш-ш…» — зноў узвілася чырвоная ракета, і на гэты раз у адной з палатак, высока на беразе пачуўся рэзкі выкрык на чужой мове. З палатак пачалі выскокваць, на хаду адзяваючыся, салдаты, выстройвацца ў шарэнгу.

Бома Яп датанцаваў да вартавога, завыў, робячы рыўкі-скачкі то ўправа, то ўлева, цаляючы кіем у твар, у шыю, але ў апошнюю секунду наносячы ўколы міма. І ўсе завылі дзікімі галасамі, заскакалі, паўтараючы рухі бома, грозячы палкамі, факеламі. Пражэктар зноў асляпіў усіх. Пачварныя цені захісталіся, уздыбіліся вышэй пальмаў, а факелы памерклі, сталі зусім не грознымі.

Салдат адступаў задам, аўтамат наставіў перад сабою, пагражаў ім, штосьці выкрыкваючы і паказваючы, каб людзі ішлі прэч. А вось ужо і адступаць няма куды, упёрся спінаю ў штабель скрынь. Кіі свішчуць і справа, і злева, хтосьці дзеўбануў палкаю салдату ў грудзі. Нейкая жанчына захапіла жменю пяску і сыпнула яму ў вочы…

І тут аглушальна затрашчаў аўтамат, запырскаў агнём. Янг, збіты Раджам з ног, паспеў яшчэ заўважыць, як бома ўпаў на калені, потым лёг на бок, як Радж маланкава ўзмахнуў крысам, саўгануўшы салдату пад бок, як амерыканец спаўзаў на зямлю, шоргаючы спінаю па скрыні з надпісам «US NAVY ENGINEER TROOPS», як зверху, ад пальмаў, тупацелі ўніз чужыя салдаты.

Людзі са страхам разбягаліся. Янг бег з усімі сяльчанамі і раз-пораз азіраўся туды, на штабялі, дзе дрыжала святло пражэктара, і ў гэтым святле старая Рата, якая толькі яшчэ датупала да скрынь, схапіла з долу кінуты саган з алеем, выліла яго на скрыні, падняла кінуты факел і прытуліла да брызенту, падпальваючы.



11 из 405