Яшчэ не ўгарэлася добра, як зноў затрашчаў аўтамат… З-за салдат не відаць было, дзе ўпала Рата, дзе ляжыць Яп. Амерыканцы мітусіліся, здзіраючы брызент з агнём, тушачы яго пяском. І тут прагучала новая каманда, затрашчалі стрэлы. Кулі стукалі ў ствалы пальмаў, чмякнулася ў пясок некалькі ссечаных арэхаў.

Людзі рассыпаліся па хатах, зашываліся ў глухія куткі. Баяліся, што салдаты хлынуць следам, усіх паб'юць, а хаты папаляць.

Янгава маці стагнала, усхліпвала, а бацька гладзіў яе па галаве, як малую. А потым яны шапталіся, а маці ўсё стагнала і скардзілася на болі ў жываце. Янг ляжаў на цыноўцы ў сваім кутку і дрыжаў усім целам, ляскацелі зубы. Дзе дзеўся Радж? Ці не падстрэлілі яго ў суматосе?

Толькі пад раніцу прасунуўся ў хаціну Радж.

— Спіш? — зашаптаў ён, стрымліваючы глыбокія і цяжкія ўдыхі, прылёг каля Янга.

— Не-а… Цябе чакаў! — прашаптаў і Янг.

— Я зараз пайду… Птушку, калі заседзіцца на адной галіне, можна і каменем збіць. Паплыву на Рай.

— На чым?!

— Прыдумаю што-небудзь.

— Во зараз, ноччу?!

— Ноччу. А зоркі нашто на небе? Дый над Раем зарыва ад агнёў здалёк відаць. Мо будуць раніцаю шукаць ці пытаць мяне, кажы, што я не быў вечарам каля скрынь. Паехаў на Рай адразу пасля сходу. І маме з татам скажы, каб так гаварылі.

— А людзі ж бачылі, што ты быў з усімі.

— Людзі бачылі, зразумела. Але думаю, што і ім выгадна казаць, што мяне не было. Ю андэстэнд мі? Разумееш мяне?

— Йес, сэр. Але ўсякія ёсць людзі, каму выгадна і на аднаго цябе зваліць віну. Я ж бачыў, як ты крысам…

— Цс-с-с…

— Лі Сунь першы на цябе данясе, — Янг разважаў зусім стала, і Радж узлахмаціў яму валасы: «Расцеш, малы!»

— Не было ж кітайца з людзьмі… Ну — бывай… — Радж пацалаваў Янга. — Ты ж ведаеш, дзе мяне шукаць — у дэльфінарыі. Ух! — раптам скрыгатнуў Радж зубамі.— У такі момант даводзіцца вас пакідаць!



12 из 405