На мысе-паўвостраве адсапліся — не доўга, каб толькі крыху вярнулася сіла. Зноў пагнялі, паціснулі Мансура ў спіну, паклаўшы жыватом на калена Янгу, бо хлопец, пакуль валаклі, зноў захапіў вады.

Сяк-так пасадзілі Мансура на сплеценыя ў замок чатыры рукі, панеслі ў вёску.

Вішчаў, бегаў вакол іх кругамі сабака.

4

Было і плачу, і крыку.

І не толькі ў Мансуравай хаціне, а і па ўсей вёсцы. «Людзечкі, ды што ж гэта робіцца?!» — на розныя лады галасілі жанкі. Сціскалі сківіцы хмурыя мужчыны — у бяссіллі і гневе. Каму паскардзішся? Хто дапаможа? Да бога — высока, да султана — далёка. Дый хадзілі ж да султана, скардзіліся і прасілі літасці. Ну, а што з таго? Не бацька ён свайму народу, не… Добра, што яшчэ хадакоў жывымі адпусцілі.

Некаторыя пабеглі на бераг лагуны. Калі не ўратуюць свае пальмы, то хоць зялёныя арэхі збяруць. Не было ўжо ў людзей ні боязі, ні павагі да Лі Суня. І адлупцавалі яго, і раскідалі ўсе яго шмоткі, адабралі арэхі. Асабліва стараўся Амара.

— А вам гэта прыпомню… Я вам прыпомню!.. — гразіўся Лі Сунь.

На амерыканскім катэры ён патарахцеў на Горны.

З'явіўся ён пад поўдзень з пяццю паліцэйскімі і чыноўнікам з папкаю пад пахаю. Паліцэйскія былі ў чалмах, з карабінамі і крывымі цесакамі, большымі, чым крысы-кінжалы. Чыноўнік быў апрануты, як індыец — у чорнай шапачцы, падобнай на пілотку, у белым сурдуце і белых штанах. Катэр з імі ўвайшоў у лагуну, не зніжаючы скорасці, з разгону ткнуўся ў белы пясок. Скінулі сходні, і ўсе пяцёра паліцэйскіх, чыноўнік і кітаец сышлі на бераг.

Пайшлі адразу не ў вёску, а да палатак, у якіх размясціліся амерыканскія салдаты і афіцэры. Шапталіся, размаўлялі там мо гадзіну, пра нешта дамаўляліся.

Зоркія вочкі ў Лі Суня…

— Эй, вы! — заўважыў ён Янга і Туна, якія залеглі пад кустамі і наглядалі, што робіцца ў лагуне і на беразе. — Паклічце сюды Ганеша! І хутка: адна нага тут, другая там!



19 из 405